31 кастрычніка ў парафіі Божага Цела ў Нясвіжы адбылося дыяканскае пасвячэнне семінарыстаў Рамана Страшко і Аўгуста Калясінскага. Пасвячэнне ўдзяліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Ва ўрачыстай святой Імшы прынялі ўдзел духоўныя асобы, родныя і блізкія новых дыяканаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў у гаміліi, што з гэтага дня дыяканы Раман Страшко і Аўгуст Калясінскі «будуць прымаць актыўны ўдзел у збаўчай місіі Касцёла праз абвяшчэнне Евангелля, навучанне праўдам веры, паслугу алтара і выконванне дабрачыннай працы».
«Вашай задачай будзе вучыць людзей праўдам веры і абвяшчаць вечна жывое і дзейснае Божае слова. Галоўнай місіяй Касцёла на сучасным этапе яго развіцця з’яўляецца новая евангелізацыя. Гэта азначае новае, зразумелае для ўсіх людзей абвяшчэнне Евангелля, – сказаў іерарх, звяртаючыся да прымаючых пасвячэнне. – Перад вамі паўстае заданне: так абвяшчаць Божае слова, каб яго разумеў кожны чалавек; прамаўляць да сэрца».
Арцыпастыр дадаў, што дыяканы будуць супрацоўнікамі біскупа і святара ў літургічным служэнні. Найперш гэта будзе адбывацца падчас святой Імшы, калі яны будуць чытаць і тлумачыць Божае слова. Таксама яны будуць прыслугоўваць пры цэлебрацыі Эўхарыстыі, раздаваць святую Камунію, заносіць паміраючым віятык. Яны атрымліваюць права ўзначальваць шматлікія літургічныя набажэнствы, становяцца ардынарнымі служыцелямі сакрамэнту хросту, змогуць благаслаўляць сакрамэнт сужэнства.
«Памятайце аб тым, што, служачы бліжнім, вы будзеце служыць Хрысту. Памятайце, што служыць – азначае валадарыць, – заклікаў арцыбіскуп. – Езус гаварыў пра сябе, што прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб паслужыць».
Іерарх нагадаў словы святога Хасэ Марыі Эскрывы, заснавальніка «Opus Dei», які «вучыў сваіх братоў, што яны павінны станавіцца дыванам, па якім спакойна змогуць хадзіць іншыя», што павінна «стаць рэальнасцю кожнага хрысціяніна, асабліва пакліканага да служэння ў святарскім стане».
Арцыбіскуп пажадаў новым дыяканам, каб іх служэнне было дапамогай усім, каго яны спаткаюць на сваім жыццёвым шляху, і спрыяла далейшай фармацыі, каб яны «сталі сапраўднымі святарамі Новага Запавету».
(AG)
|