Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У мінскім араторыі прайшлі восеньскія канікулы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.11.2015 18:11

З 26 па 30 кастрычніка ў араторыі імя св. Яна Боско ў Мінску праходзілі восеньскія «канікулы з Богам» на тэму «Падарожжа з Марыяй па старонках Бібліі». Усе пяць дзён дзеці знаёміліся з жыццём Панны Марыі,гулялі і разважалі над Радаснымі таямніцамі Ружанца.

Тэма першага дня была «Адно “так” для Пана Бога». У гэты дзень дзеці разважалі над Звеставаннем Найсвяцейшай Панны Марыі і паслухмянасцю Марыі Божай волі, а таксама даведаліся, што сваімі добрымі ўчынкамі можна гаварыць Богу «так».

«З Марыяй у пошуках патрабуючых» – была тэма другога дня. У працы па групах на прыкладзе Марыі, калі, нягледзячы на свой стан, Яна пайшла дапамагаць св. Альжбеце, якая таксама была цяжарнай, дзеці разважалі над тым, як можна дапамагчы патрабуючым і несці людзям Езуса Хрыста. Як вынік працы кожная група падрыхтавала невялікую пантаміму на тэму «Як я дапамагаю патрабуючым».

У трэці дзень тэмай было «Марыя, прычына нашай радасці». У гэты дзень дзеці разважалі над тым, як можна прынесці Езуса Хрыста ў свае сем’і, і над Нараджэннем Езуса Хрыста як самай вялікай радасцю .

Тэма чацвёртага дня была «Як Марыя, аддаю сябе Пану Богу». У якасці задання на гэты дзень дзеці павінны былі прынесці самую дарагую рэч, якую яны вельмі любяць, і на дзень аддаць яе адказным за групы. У працы па групах дзеці абмяркоўвалі ахвяраванне Езуса ў святыні і разважалі над тым, што добрыя ўчынкі, любоў і малітва таксама з’яўляюцца ахвяраваннем Езусу Хрысту. Дзеці нагадалі адзін аднаму, што трэба ахвяроўваць сябе падчас святой Імшы.



 

Тэма апошняга дня была «Марыя – Маці ўсіх людзей». Дзеці нагадалі адзін аднаму, што Марыя сапраўды з’яўляецца Маці ўсіх людзей, разважалі над тым, што трэба дапамагаць людзям, якія яшчэ не сустрэлі Бога, знайсці Яго, маліцца за іх і не баяцца запрашаць іх у касцёл. Як вынік працы групы падрыхтавалі міні-канцэрт у гонар Марыі са спевамі і вершам. Напрыканцы дзеці пры дапамозе кс. Івана Огара SDB і аніматараў падвялі вынікі канікул і зрабілі агульны фотаздымак.

Араторый шчыра запрашае таксама на зімовыя «канікулы з Богам».

Паводле www.sdb.by

(AG)

Фота www.sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.