Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малітва за памерлых на мінскай Кальварыі: знічкавы ўспамін пра годных гараджан і вечнае
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.11.2015 03:18

Па даўняй традыцыі вернікі Мінска збіраюцца 2 лістапада на Кальварыйскіх могілках, каб у працэсіі і падчас святой Імшы маліцца за спачылых. Сёлета гэтыя набажэнствы ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Кальварыйскія могілкі – самыя старыя з захаваных могілак сталіцы, якія ўзніклі ў ХVІІІ стагоддзі.

Вядома, што падчас сталінскіх рэпрэсій, якія найбольшага размаху дасягнулі ў 1937-1978 гг., тут адбываліся адзіночныя расстрэлы.

На гэтых могілках пахаваны салдаты напалеонаўскай арміі, палонныя з ліку аўстрыйскіх салдат, польскіх салдат польска-савецкай вайны, савецкіх салдат перыяду Другой сусветнай вайны, 3000 яўрэяў з мінскага гета, ахвяры рэвалюцыйнага тэрору, шматлікія палітыкі, паэты, мастакі і іншыя.

Напрыклад, вядомы мастак Ян Дамель, пахаваны ў падкасцёльнай крыпце разам з біскупам Матэвушам Ліпскім; паэт Ян Неслухоўскі, вядомы пад творчым псеўданімам Янка Лучына; Вацлаў Іваноўскі, Уладзіслаў Казлоўскі, Генадзь Кісялёў, Іван Навуменка і многія іншыя.

«Без іх не было б нас. Без іх не было б прыгожых мінскіх касцёлаў. Без іх не было б нашай хрысціянскай культуры і спадчыны», – заўважыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі.

Кальварыйскія могілкі Мітрапаліт падчас працэсіі параўнаў з прызмай, праз якую мы яднаемся з іншымі месцамі, дзе пахаваныя нашыя родныя і блізкія.

За ўсіх, хто святарскім і кансэкраваным жыццём даваў сведчанне жывога Бога, за спачылых бацькоў, дабрадзеяў, ахвяраў катастроф, аварый, надзвычайных сітуацый, якіх у Беларусі было нямала, і за ўсіх памерлых вернікаў прысутныя ўзносілі ў цямнеючае лістападаўскае неба малітвы і спевы. Потым іх імёны былі яшчэ раз прыгаданы на пачатку святой Імшы.

«Чысцовыя душы патрабуюць нашай дапамогі і, як вучыць Касцёл, за малітву ў іх інтэнцыях яны адудзячваюць нам», — падкрэсліў арцыбіскуп значэнне малітвы за спачылых, якая найбольш пашыраная ў лістападзе да пачатку Адвэнту.


Таксама Мітрапаліт звярнуў увагу на тое, што «Бог быў больш зацікаўлены нашым збаўленнем, чым мы самі. І сёння Бог зацікаўлены тым, каб душы чысцовыя як мага хутчэй перайшлі ў неба. Іх лёс у нашых руках».

Час пачатку лістапада, калі могілкі стаяць напаўпрыбраныя найперш таму, што родныя не паспелі зграбсці лісце, якое напаўняе каламагільную прастору хутчэй, чым яго паспяваеш прыбраць... І ў гэтым уся прыгажосць і асаблівасць.


Прыгажосць запаленых знічак розных колераў, якая праяўляецца тады, калі горад запаўняецца ззяннем штучнага асвятлення, а могілкавую тэрыторыю запаўняе цёмны шэра-сіні змрок, прываблівае мінакоў, якія праходзяць уздоўж могілак, уздоўж сакральнай цішыні, якая нават таго, хто зусім «не ў тэме», здольная збудзіць да разваг і суму аб вечным, аб тым, што не прамінае, і, як ліст, не зляціць пад ногі, не згіне, а жыць будзе... Вечна.

Аксана Ючкавіч
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.