Пілігрымку ў Вiцебск з нагоды 800-годдзя дамiнiканскага Ордэну здзейснілі вернікі з Магілёва і Бабруйска |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
12.11.2015 18:10 |
У сувязі са святкаваннем 800-годдзя дамiнiканскага Ордэну адбылася пiлiгрымка вернікаў магілёўскай парафіі Св. Казіміра і св. Ядвігі i бабруйскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вiцебск. Пілігрымка праходзіла пад кiраўнiцтвам а. Рамана Шульца OP i сястры Аўгустыны OP.
Спачатку пілігрымы наведалі катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага. Наступным пунктам у праграме стаў касцёл Святога Духа. Удзельнікі пілігрымкі мелі магчымасць пазнаёміцца не толькі з гісторыяй гэтай святыні, якую распавяла с. Наталля, але і з выставай мастака Мiкалая Ткачова, чалавека, якi ўсё сваё жыццё шукаў Бога.
Затым вернікі наведалі парафіяльны касцёл святога Антонія Падуанскага, які яшчэ будуецца. Айцец езуіт Станiслаў распавёў аб тым, як святыня будзе выглядаць у будучынi.
Потым пілігрымы пабывалі ў санктуарыі Мацi Божай у Шумiлiне, дзе памалiлiся Ружанцам у iнтэнцыi развіцця дамiнiканскага Ордэну ў Беларусі.
Цэнтральным момантам падарожжа стала святая Імша з нагоды пачатку святкавання 800-годдзя заснавання дамiнiканскага Ордэну, якую цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у касцёле святой Барбары.
Пасля літургіі адбыўся канцэрт Антонія Пiльха, а таксама прагучаў навуковы даклад Раісы Зянук, навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі, якая паразважала над гістарычнымі формамі прысутнасці Ордэну братоў прапаведнікаў на беларускіх землях.
Юбілейны год 800-годдзя заснавання Ордэну братоў прапаведнікаў будзе адзначацца з 7 лістапада 2015 года да 21 студзеня 2017 года.
Ганна Барашкава, (AG)
|