У Мінску адбылася салезіянская сустрэча на тэму паклікання для дзяўчат |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
17.11.2015 12:21 |
«Гатовы я служыць Табе…» – гэтымі радкамі спеву пачалася 15 лістапада сустрэча на тэму паклікання для дзяўчат з 8 па 11 клас, якая праходзіла ў Мінску. Сёстры салезіянкі з парафіі Св. Яна Хрысціцеля з радасцю сустрэлі ўдзельніц не толькі з Мінска, але і з Бараўлян, каб паразважаць над тэмай «Дар, дадзены мне Богам». Праз сустрэчу сёстры жадалі падкрэсліць, што Бог кліча кожнага да выканання пэўных заданняў, а некаторых заклікае да асаблівага задання: прысвяціць Яму сваё жыццё ў святарскім албо манаскім служэнні. Пасля малітвы с. Люцыя Бальцэвіч FMA звярнула ўвагу на тое, што кожнага Пан адарыў дарам Божага дзяцінства. У сакрамэнце хросту Бог паклікаў чалавека да сведчання сапраўднага, хрысціянскага жыцця. Гэта быў асаблівы момант выбрання і паклікання Богам. Становячыся Божымі дзецьмі, належачы да адной вялікай сям’і, імя якой Касцёл, людзі прымаюць удзел у Божым жыцці і ва ўсіх ласках і благаслаўленнях Касцёла.
Наступным пунктам сустрэчы было разважанне над некаторымі ўрыўкамі Святога Пісання, на падставе якіх дзяўчаты атрымалі заданне творча паразважаць, як рэалізаваць пакліканне да службы Богу. Падчас працы ў групах дзяўчаты прыйшлі да высноваў, што праз вернасць у малых рэчах можна дасягнуць вялікай узнагароды ў небе, учынкі міласэрнасці не павінны быць напаказ, а атрыманыя веды павінны служыць не толькі ўласнаму насычэнню, але і на карысць іншым.
Гэта была сапраўды плённая праца, пасля якой с.Тэрэза Сальнічэк FMA падкрэсліла, што праца для Хрыста – гэта адказ на Яго заклік, гэта рэалізацыя паклікання – дару, які кожны атрымаў ад Бога. Потым удзельніцы разам з сёстрамі салезіянкамі падзякавалі Богу за магчымасць сустрэчы. Пасля малітвы с. Вераніка Огар FMA на прыкладзе св. Марыі Дамінікі Мадзарэлла пажадала дзяўчатам шукаць сваё шчасце, выконваючы волю Бога, і заахвоціла да малітвы аб распазнанні свайго ўласнага паклікання, за пакліканых і аб новых пакліканнях. Паводле sdb.by (MV) |