Успамін св. Цэцыліі і свята парафіяльнага хору адзначылі ў Вілейцы |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
23.11.2015 15:41 |
22 лістапада парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адзначыла ўспамін св. Цэцыліі, апякункі касцёльнай музыкі і спеву, і 12-ю гадавіну існавання парафіяльнага хору. Парафіяльны хор быў створаны ў 2003 годзе і абраў назву «Angeli», каб на ўзор анёлаў праслаўляць Бога і служыць Пану і людзям. За 12 гадоў існавання хор стаў вялікай сям’ёй, якая складаецца з трох узроставых груп і на сённяшні дзень налічвае каля 50 чалавек. Святкаванне пачалося святой Імшой, падчас якой дзіцяці адной з удзельніц хору быў удзелены cакрамэнт хросту. У гаміліі пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла адзначыў, што Бог глядзіць на сэрца чалавека і не любіць фальшу, якім з’яўляецца грэх. Святар пажадаў ўдзельнікам хору не фальшывіць сваім жыццём, заставацца заўсёды вернымі Пану Богу і мець чыстае сэрца. Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі хору сабраліся на салодкі пачастунак і супольны прагляд фотаздымкаў з розных гадоў існавання хору. Кіраўнік хору Ганна Аўсейчык пажадала харыстам, каб усё іх жыццё было прыгожым гімнам падзякі і праслаўлення Бога.
Пасля ў межах святкавання ўдзельнікі наведалі з экскурсіяй музей-сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, дзе пазнаёміліся з гісторыяй жыцця кампазітара, і касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах, дзе ў малітве падзякавалі Богу за ўсе атрыманыя ласкі. Скончыўся святочны дзень гімнам да Маці Божай Будслаўскай, якая ад пачатку існавання хору была абрана яго заступніцай і «галоўным дырыжорам». Кацярына Дурко |
Фотарэпартаж |