Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Беразінскім гурт «Laudans» сабраў поўную залу навучэнцаў і выкладчыкаў аграліцэя
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.11.2015 18:26
22 і 23 лістапада ў парафіі Божага Цела ў Беразінскім прайшлі канцэрты музычнага гурта «Laudans» з Мінска.

22 лістапада пасля святой Імшы канцэрт адбыўся ў парафіяльнай кавярні, дзе сабраліся аматары добрай хрысціянскай музыкі.

Слухачы ў цёплай і хатняй атмасферы змаглі знаёміцца з самабытнымі творамі Андрэя Лугіна і Алёны Палачанскай. Пасля канцэрту прысутныя маглі пачаставацца гарбатай, пірагом, прыгатаваным адным з парафіян, і знаёміцца непасрэдна з удзельнікамі гурта.


Людзі былі шчыра ўдзячныя гурту, з якім ім не хацелася развітвацца.

На наступны дзень канцэрт адбыўся ў Гарадзілаўскай сярэдняй школе, якая знаходзіцца недалёка ад касцёла ў Беразінскім. Навучэнцы дзвюх зменаў і настаўнікі слухалі і спявалі разам з выканаўцамі. У заключным слове пробашч парафіі запытаўся ў дзяцей, хто з іх любіць музыку, хто — спяваць, хто грае на музычных інструментах. У выніку святар запрасіў усіх да стварэння парафіяльнага гурта.

Між іншым, на спевы запісаліся пасля канцэрту пяць дзяўчынак.


Потым адбыўся канцэрт ў Аграліцэі Беразінскага. Сабралася поўная вялікая зала навучэнцаў і выкладчыкаў на чале з дырэктарам. Уражаныя спевамі і творамі гурта, навучэнцы таксама адкрыліся на знаёмства і актыўны ўдзел. Пасля канцэрту два навучэнцы прапанавалі пробашчу стварэнне свайго гурта.

У хуткім часе пачнуцца першыя рэпетыцыі ў парафіяльнай кавярні.

Падчас кожнага з канцэртаў была выкана песня «Малюся за цябе, Беларусь», аўтарам якой з'яўляецца пробашч парафіі ў Беразінскім кс. Сяргей Бараўнёў. Андрэй Лугін адзначае: «Вельмі незвычайна і хвалююча было выконваць песню ў прысутнасці аўтара. У мяне такое было ўпершыню».

Канцэрты завяршыліся з пазітыўнымі для слухачоў эмоцыямі і спадзяваннем на працяг. Ужо запланаваны некалькі наступных канцэртаў гурта.

Парафію ў Беразінскім зімой чакае актыўнае духоўна-культурнае жыццё.

12 снежня адбудзецца духоўна-культурная пілігрымка «Мясата-Плябань-Заслаўе-Радашковічы-Краснае».

27 снежня ў касцёле ў Беразінскім адбудзецца святая Імша ў суправаджэнні ансамбля скрыпачоў і хору Маладзечанскага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага, а пасля — духоўны канцэрт. 31 студзеня 2016 г. адбудуцца святая Імша і канцэрт іншага хору гэтага каледжа.

Пробашч парафіі звяртаецца да людзей добрай волі з запрашэннем станавіцца мецэнатамі і ўдзельнікамі гэтых мерапрыемстваў, бо іх правядзенне патрабуе не толькі энтузіязму, але і матэрыяльнай дапамогі. Ахвотныя дапамагчы могуць звярнуцца да пробашча кс. Сяргея Бараўнёва:

Тэл.: +375 29 116 26 65.

(AG)

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.