Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Божае слова ў штодзённым жыцці: рэкалекцыі для свецкіх кармэлітаў прайшлі ў Нарачы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.11.2015 23:00

З 20 па 22 лістапада ў кляштары айцоў кармэлітаў у Нарачы праходзілі рэкалекцыі для Трэцяга ордэна кармэлітаў босых. Духоўныя практыкаванні праводзіў айцец Пётр Фраштэнга OCD.

У канференцыях айцец Пётр Фраштэнга паглыбляў тэму сувязі, якая існуе паміж Божым словам і чалавечым жыццём:

«Бог кожны дзень дае нам Слова. Слова, якое Ён падрыхтаваў менавіта для нас, менавіта ў гэты дзень. Слова, якім мы пакліканыя сілкавацца. Гэта Слова, якое надае сэнс і рытм нашаму жыццю; якое паказвае, што Бог дае нам сёння; якое аб’яўляе, чаго Бог сёння ад нас чакае. Гэта Слова, якое гаворыць нам пра Бога, але таксама Слова, якое гаворыць пра нас. <…> Гэтую надзвычайную сувязь паміж Словам дня і нашым жыццём нам неабходна зразумець. Веруючы чалавек пачынае дзень, слухаючы Бога, які прамаўляе. І гэтае Слова суправаджае яго на працягу ўсяго дня.


Пан аб’яўляе нам Слова, каб яно споўнілася. А дзе можа споўніцца Слова? Як некалі Яно споўнілася ва ўлонні Марыі, так штодзённа спаўняецца “ва ўлонні” кожнага дня. <…> Слова спаўняючыся ў нас, дапамагае спаўняцца, рэалізавацца таксама нашай асобе. У гэтым і заключаецца наша фармацыя. Гэта тая фармацыя, якая працягваецца ўсё нашае жыццё, якая ахоплівае ўсе дні нашага жыцця і імкнецца да фарміравання ў нас плану Айца. Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу, паводле вобразу свайго Сына. Кожны з нас пакліканы да таго, каб мець у сабе сэрца Сына. <…>

Каб быць сапраўды веруючым, сфарміраваным па вобразу Сына, патрэбна не толькі навяртанне ў тым, што датычыць паводзінаў, але трэба дасягнуць таксама навяртання пачуццяў. <…> У нашым сэрцы ёсць яшчэ такія ўчасткі, якія нібыта не евангелізаваныя: гэта тыя ўчасткі сэрца, дзе ўзнікаюць пачуцці, уражанні, эмоцыі, імпульсы, жаданні, мары і праекты. Яны ў нас не хрысціянскія, а язычніцкія. <…>

Працэс фармацыі — гэта трынітарнае ўздзеянне: толькі Айцец можа фарміраваць у нас пачуцці Сына, праз дзеянне Духа Святога. Фармацыя пачуццяў, сэрца і эмоцый працягваецца ўсё нашае жыццё. Фармацыя носіць трагічны характар, бо яна скіравана на фарміраванне ў нас трагічнага аблічча Сына — гэта значыць фарміраванне асобы, якая радыкальна аддае сваё жыццё, якая прымае рашэнні. <…>


Фармацыя павінна пераадолець эгаізм, мноства страхаў і супраціву, якія прысутнічаюць у глыбіні нашага сэрца. Каб учыніць гэта, патрэбна ўсё жыццё. Больш за тое, нават смерць з’яўляецца часткай фармацыйнага працэсу. Яна — кульмінацыйны момант фармацыі. Усё жыццё чалавека з’яўляецца свайго роду паступовым фармаваннем у сабе адвагі памірання, рашэння ахвяраваць сваё жыццё, жадання выйсці насупраць смерці ў духоўнай паставе Сына, які сказаў: “Я аддаю жыццё сваё <…>. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго” (Ян 10, 18). <…>

Божае слова, слова дня з’яўляецца зместам, вакол якога складаецца структура той фармацыі, якую сёння дае табе Бог. Гэты працэс, які накіроўвае Айцец, увесь час працягваецца і пры гэтым ён заўсёды новы. Бо кожны дзень ты зыходзіш з новага Слова. Гэтае Божае слова мы бяром з літургіі дня — не я выбіраю Слова. Бо фармацыю праводзіць Айцец: цярпліва і паступова. Гэта Ён яе праводзіць, не ты. А ты слухаеш і прымаеш гэтае слова, упэўнены, што ў гэтым слове Бог дасць табе ўсё, у чым ты маеш патрэбу. Так, як некалі Ён падрыхтаваў манну для свайго народу. Манны хапала на адзін дзень згодна з патрэбамі кожнай сям’і. Калі хтосьці браў больш, то яна псавалася. <…>

Мы павінны ўсвядоміць сувязь, што існуе паміж Словам, якое кожны дзень дае нам Пан, і днём, які мы перажываем. Слова надае рытм нашаму штодзённаму жыццю. Мець добры рытм — гэта значыць жыць упарадкаваным жыццём; жыццём, у якім існуе пэўны пункт адліку, вакол якога адбываюцца ўсе падзеі дня, усе нашыя дзеянні; жыццём, якое дазваляе нам дасягнуць мэты свайго жыцця ва ўсім, што мы робім.

Мэта нашага жыцця — бачыць Бога, бачыць Яго аблічча. А значыць, разумець Яго слова, увайсці ў адносіны з Ім. Слова надае рытм нашаму дню, нашаму тыдню, месяцу, часам года, усяму нашаму жыццю. Божае слова надае рытм нашаму існаванню. Галоўнай мэце — бачыць аблічча Бога — падпарадкавана ўсё, яна праяўляецца ў паасобных рэчах кожнага дня, у дзеяннях кожнага дня».


На рэкалекцыях гаворка ішла таксама пра тое, як рэалізаваць такі штодзённы рытм жыцця ў святле Слова. Адным са спосабаў, глыбока ўкаранёным у духоўнай традыцыі, з’яўляецца lectio (чытанне). Пры гэтым можна вылучыць пяць характэрных рысаў: ранішняе чытанне, lectio divina, перапісванне Слова, спаўненне Слова (пастаянна мець яго перад сабою), вячэрняе або начное чытанне. Гэта пяць рысаў, якія могуць дапамагчы ў тым, каб надаць сапраўдны рытм кожнаму дню ў святле Слова. Айцец Пётр Фраштэнга засяродзіў увагу ўдзельнікаў рэкалекцый на кожнай з пяці рысаў, растлумачыў, як гэта рэалізаваць практычна.

Праграма рэкалекцый уключала таксама штодзённую Эўхарыстыю, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, Літургію гадзінаў, час для асабістай унутраннай малітвы. Свецкім кармэлітам было прапанавана духоўнае чытанне на тэму «Lectio divina (Боскае чытанне)» з апісаннем сутнасці гэтай духоўнай практыкі, якая ўяўляе сабой чатыры этапы: чытанне (lectio), медытацыя (meditatio), малітва (oratio) і сузіранне (contemplatio) — як чатыры ступені, што вядуць да сузірання Бога. Для засваення гэтай духоўнай практыкі была праведзена lectio divina на прыкладзе псальма 139 (138).

Наталля Куніцкая OCDs

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.