На салезіянскіх «Андрэйках» зладзілі «Вяселле ў Малінаўцы» і вярнуліся назад у 80-ыя і 90-ыя |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
30.11.2015 12:28 |
Радасныя «Андрэйкі» пад кіраўніцтвам салезіян 28 лістапада адсвяткавалі ў Мінску, Бараўлянах і Дзятлаве. Моладзь з Мінска зрабіла гэты вечар у стылі «Вяселле ў Малінаўцы». Праграма пачалася пасля святой Імшы, якую цэлебраваў кс. Іван Огар SDB. «У самым пачатку моладзь разам з Пані Трындычыхай пайшла сустракаць маладых, якія, як і на кожным вяселлі, былі на нашым свяце. Разам з імі моладзь працягнула свята ў духу радасці і весялосці. Падчас праграмы патрэбна было прайсці “выпрабаванні”, каб вярнуць выкрадзеную маладую. Пасля таго, як мужна яе адваявалі ў атаманаў, усе прыстуныя зрабілі супольны фотаздымак і паласаваліся салодкімі пачастункамі», — апісваецца святкаванне на салезіянскай старонцы.
У бараўлянскім салезіянскім цэнтры пасля святой Імшы пачалася дыскатэка ў стылі «ліхія 90-ыя». «На пачатку ўдзельнікі мерапрыемства прайшлі фэйс-кантроль выкідалы Віталіка, затым пазнаёміліся паміж сабой з дапамогай дыджэя Насці, пасля былі танцы пад знакамітыя хіты дзевяностых. Галоўнай часткай мерапрыемства былі выбары пары Містэра і Місіс 90-ых. Тэматычны вечар у гонар св. Андрэя скончыўся традыцыйным салезіянскім «слоўкам на дабранач». Ксёндз Станіслаў Краўчанка SDB нагадаў пра тое, што на ўсё ёсць свой час: на танцы, на малітву, на цішыню, на радаснае чуванне нараджэння нашага Збаўцы Езуса Хрыста», — піша Аліна Тамашэвіч.
У Дзятлаве моладзь вярнулася крыху далей у мінулае — у «Залатыя 80-ыя». Як піша Алена Баклага, «у час падарожжа прысутныя пазнаёміліся з галоўнымі сусветнымі падзеямі і музычнымі накірункамі таго часу, даведаліся, чаму так называецца гэты гістарычны перыяд». Напрыканцы забаўляльнай праграмы ксёндз Здзіслаў Пікула SDB пажадаў, каб гэты час не прайшоў дарэмна, а наадварот, дапамог перасэнсаваць жыццё, зрабіць высновы і змяніць яго на лепшае, каб Езус нарадзіўся ў сэрцы кожнага. Паводле матэрыялаў sdb.by, (AYU)
|