2 снежня ў парафіі Св. Юзафа ў Рубяжэвічах адбылася святая Імша ў першую гадавіну смерці яе шматгадовага пробашча кс. Рышарда Юніка.
Эўхарыстыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш
Кандрусевіч, у ёй прынялі ўдзел біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка,
дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, святары
і вернікі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў у гаміліі, што год таму пасля доўгай і цяжкой хваробы адышоў па ўзнагароду да Пана верны слуга Бога і Касцёла кс. Рышард Юнік.
Па словах іерарха, маючы на ўвазе, што ўсё святарскае жыццё кс. Рышарда Юніка было звязана з рубяжэвіцкай парафіяй, «смела можна казаць, што для католікаў вёскі і наваколля назва вёскі Рубяжэвічы асацыявалася з ксяндзом Юнікам, а словы “ксёндз Юнік” – з Рубяжэвічамі». «Яны так з’ядналіся за час яго святарскага служэння, што, калі людзі казалі “ксёндз Юнік”, гэта азначала “Рубяжэвічы”, а калі казалі “Рубяжэвічы”, то гэта азначала “ксёндз Юнік”», — дадаў Мітрапаліт.
«Год таму падчас свайго пахавання ксёндз Юнік яшчэ раз прамовіў да нас. Ёп прамовіў не сваім моцным голасам, не заіграў на арганах, як ён гэта часта рабіў, не заспяваў, але прамовіў прыкладам свайго святарскага жыцця, – адзначыў арцыпастыр. Ён прамаўляе і сёння, бо лёс вельмі многіх людзей звязаны з ім і сёння яны ўдзячны яму за тое, што ў часы ганенняў на веру ён цвёрда стаяў на яе рубяжах, абараняючы ад атэістычных ваўкоў. Ён паказаў сябе, як Добры Пастыр, які не быў наймітам і не збег, шукаючы лепшага месца, але застаўся і трываў са сваімі вернікамі. Ён ішоў, як кажа Папа Францішак, на перыферыі чалавечага жыцця, каб толькі несці Бога людзям. Жыў не для сябе, але для іншых - як заклікае cвятароў святы Ян Павел II».
Па словах арцыбіскупа, жывучы для іншых і служачы ім, кс. Рышард Юнік стаў сведкам веры і любові да Хрыста і людзей. «Дзякуючы яго служэнню, святло Евангелля асвятляла жыццёвы шлях людзей. Гэтае святло было вельмі ясным, бо свяціла падчас цёмнай ночы атэізму; свяціла тады, калі паслуга святара была напоўнена пагрозамі і трывогамі. Адкуль ён браў сілы? Чэрпаў іх на малітве, асабліва практыкуючы марыйную пабожнасць», – дадаў Мітрапаліт.
«Праз усё сваё доўгае святарскае жыццё ён з радасцю ішоў на спатканне з Панам. Прыкметна, што ён памёр у Адвэнт, калі Касцёл заахвочвае вернікаў чуваць на чаканні прыходзячага Збаўцы. Ён сам чуваў і гэтаму вучыў іншых», – звярнуў увагу арцыбіскуп.
«Адвэнт яго жыцця завяршыўся і настала вечнасць. Гадзіннік яго чалавечага і святарскага жыцця затрымаўся. Мы верым у тое, што напрыканцы Адвэнту жыцця ксяндза Рышарда Пан застаў яго чуваючым. Благаслаўлёны Ян XXIII перад смерцю казаў: мае валізкі спакаваны, чакаю, калі падыйдзе цягнік, каб пераехаць у вечнасць. Ведаючы жыццё ксяндза Рышарда, напэўна, можна быць упэўненым, што яго валізкі таксама былі спакаваны і ён смела ўвайшоў у цягнік, які курсуе паміж зямлёй і вечнасцю», – адзначыў іерарх. «Што сёння мы можам сказаць заслужанаму святару? На вусны прыходзяць словы падзякі, Падзякі за вернае святарскае служэнне. Падзякі за цярпенні, якія ён мужна зносіў. За надзею, якой не страціў і перадаваў іншым.
Чаму мы можам і павінны вучыцца ў яго? Вернасці нашаму пакліканню. Часы, у якія мы жывём, — гэта часы свабоды веравызнання. Але адначасова гэта часы адыходу ад веры і гэтым самым страты сваёй хрысціянскай тоеснасці. Мы распачалі Адвэнт, час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння і да другога прышэсця Пана. На авансцэне гэтага часу знаходзіцца святы Ян Хрысціцель. Яго голас, заклікаючы да падрыхтоўкі дарогі прыходзячаму Збаўцу, гучыць і сёння. Нам неабходна яго пачуць і змяняць сваё жыццё, каб Езус увайшоў у нашы душы і нарадзіўся ў іх сваёй ласкай», — сказаў Мітрапаліт.
Арцыпастыр дадаў, што будучы ксёндз Рышард Юнік, адчуўшы пакліканне да святарства, праходзіў фармацыю патаемна; «ён так хацеў быць святаром, што яго нішто не магло стрымаць». «Сёння іншыя часы. Сёння ёсць семінарыі, але яны павінны быць напоўнены семінарыстамі. Таму сённяшняе набажэнства ў гадавіну смерці ксяндза Рышарда павінна таксама быць набажэнствам аб пакліканнях, – заўважыў арцыбіскуп. – Можа, ты, малады чалавек, чуеш голас Хрыста, які кліча цябе да святарства? Адкажы на яго, як адказаў ксёндз Рышард».
«Удзячныя гэтаму святару за яго служэнне, мы павінны маліцца ў яго інтэнцыі, каб добры і міласэрны Бог прыняў яго ў сваё Валадарства, падобна таму, як у сваім жыцці ён вёў людзей да яго», – сказаў напрыканцы гаміліі Мітрапаліт. (AG)
|