8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.
Мітрапаліт звярнуў у гаміліі ўвагу, што «праўда аб Беззаганным Зачацці Марыі вучыць аб універсальнасці як першароднага граху, так і збаўлення», а «першародны грэх, ад якога было захавана Марыя, з’яўляецца тым самым грахом, ад якога мы былі збаўлены ў сакрамэнце хросту». Урок гэтай урачыстасці, па словах іерарха, у тым, што «мы маем патрэбу ў Беззаганна Зачатай Марыі ў нашым жыцці, каб памятаць, кім ёсць Хрыстус і кім мы з’яўляемся».
«Мы з’яўляемся грэшнікамі і маем патрэбу ў навяртанні. Нездарма першымі словамі, з якімі Езус звярнуўся да сваіх слухачоў, былі наступныя: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”, – нагадаў арцыпастыр. – Праз навяртанне чалавек атрымлівае страчаную Божую ласку».
«Божая міласэрнасць з’яўляецца самай галоўнай прыкметай Бога. Бог стварыў чалавека з-за любові да яго самога, – дадаў Мітрапаліт. – А калі прыйшла паўната часу, Ён паслаў свайго Сына, які крыжовай смерцю і ўваскрасеннем збавіў чалавека і адкрыў зачыненыя з часоў Адама і Евы брамы неба».
Арцыбіскуп падкрэсліў, што «бязмежная Божая міласэрнасць змагла рэалізавацца дзякуючы Марыі», таму Папа Францішак выбраў гэты дзень ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі для распачацця Надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці.
Іерарх нагадаў, што галоўная мэта Юбілейнага Года – «спатканне чалавека з Міласэрным Богам i спазнанне Яго бязмежнай любові». У гэты час, па словах Мітрапаліта, знакам, па якім іншыя будуць распазнаваць хрысціян, «павінна стаць любоў, якая не стамляецца прабачэннем». «Выкарыстаем гэты час належным чынам, каб узаемная любоў і згода запанавалі ў нашым асяроддзі», – заклікаў арцыпастыр. Поўны тэкст гаміліі>>>
«Мы часта не ведаем, як звярнуцца да Бога. Некаторыя кажуць: я так шмат награшыў, што Бог мне не даруе. Гэта не так. Неабходна толькі даверыцца Богу, кінуцца ў абдымкі міласэрнага Езуса. А калі мы не адважваемся гэтага ўчыніць, то звернемся да Марыі. Яна – найкарацейшы шлях да Яе Сына і нашага Збаўцы», – адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. (AG)
|