У Магілёве пачалася перэгрынацыя каплічкі Маці Божай Тройчы Цудоўнай |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
09.12.2015 18:13 |
8 снежня ў магілёўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава пачалася перэгрынацыя каплічкі Маці Божай Тройчы Цудоўнай. Падчас святой Імшы пробашч парафіі кс. Віталій Драздоўскі асвяціў каплічку, якая будзе пілігрымаваць ад хаты да хаты магілёўскіх вернікаў і стане нагодай для супольнай малітвы ў беларускіх сем'ях.
У Беларусi aбраз Маці Божай Тройчы Цудоўнай знаходзіцца ў гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай i быў каранаваны папскімі каронамі 2 студзеня 2005 г. Акт каранацыі здзейсніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кароны благаславіў 9 верасня 2004 г. Папа Ян Павел ІІ. Перад каранаваным абразом Маці Божай прыходзіць маліцца шмат вернікаў з горада і ваколіц. Як сведчаць вернікі, дзякуючы гэтай прыгожай традыцыі перэгрынацыі абразоў, фігурак, каплічак у многіх сем'ях пачынаецца прыгожая традыцыя супольнай сямейнай малітвы, якая прыносіць шмат духоўных плёнаў кожнаму члену сям'і. (AYU) |