Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB на аплаткавай сустрэчы з медыкамі: «Шукайце падтрымкі ў Таго, Хто вашымі рукамі здзяйсняе цуды»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
17.12.2015 23:16

17 снежня адбылася аплаткавая сустрэча дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB з медперсаналам і хворымі ў Мінскім абласным клінічным шпіталі, які знаходзіцца ў пасёлку Лясны.

У аўдыторыі тэрапеўтычнага корпуса, дзе традыцыйна адбываюцца такія сустрэчы, сабралася поўная зала медыцынскіх супрацоўнікаў, таксама прыйшлі і пацыенты.

У чаканні прыезду біскупа прысутныя папрактыкаваліся ў спеве калядак, якія пазней пад аздабленне скрыпкі юнага музыкі Альберта і грання спадарыні Анастасіі з бараўлянскай парафіі спявалі падчас дзялення аплаткай.


Супольная малітва, урывак са Святога Пісання, які прачытаў супрацоўнік шпіталя, прамова біскупа, калядкі і добрае слова, прамоўленае адзін да аднаго, а таксама наведванне некаторых пацыентаў, якія знаходзяцца зараз на лячэнні, сталі ключавымі момантамі сустрэчы.

У Бараўлянах служаць ксяндзы салезіяне, таму, як адзначыў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB , яму вельмі прыемна было раздзяляць гэты радасны момант свайго святарскага служэння з медперсаналам і пацыентамі, памаліўшыся разам з імі і падзяліўшыся аплаткай менавіта тут.

Біскуп дадаў, што яму прыемна, што ў зале сабралася шмат людзей, а таксама прыгадаў пра тое, што ў Каталіцкім Касцёле пачаўся Год Міласэрнасці.

Іерарх пажадаў, «каб, гледзячы на тое, якім міласэрным, любячым з'яўляецца Пан Бог, і мы сталі больш міласэрнымі, больш справядлівымі, больш добразычлівымі, выдалілі з нашага жыцця эгаізм»,  «каб сталі менш карыслівымі, памяталі аб тым, што наша ўзнагарода не тут, на зямлі, а справядлівая, у небе», «каб мы жылі адвечнымі Божымі каштоўнасцямі».

«Я вельмі спадзяюся, — дадаў біскуп, — што для вас, медыкаў, гэты год Божай Міласэрнасці дапаможа яшчэ больш аднавіць ваша пакліканне — быць тым, хто лечыць Цела, быць тым, хто аблягчае пакуты другому чалавеку. І хоць вашая служба нялёгкая, патрабуе шмат самаахвярнасці і сталасці адукацыі, і ў першую чаргу патрабуе вялікай любові да іншага чалавека, усе гэтыя якасці самому не набыць. Нам патрэбна дапамога з вышыні. Таму я жадаю вам, нягледзячы на вашае веравызнанне ці канфесійную прыналежнасць, каб вы заўсёды шукалі падтрымкі і сілы ў Таго, Хто даў вам жыццё, Хто даў вам гэтае пакліканне і Хто таксама вашымі рукамі здзяйсняе вялікія цуды, лечачы і падтрымліваючы чалавечае здароўе, а нават і жыццё».

«Перажываючы Божае Нараджэнне, гледзячы на маленькую фігурку Езуса, я заўсёды бачу міласэрную руку Бога, які працягвае нам свайго Сына і нібыта кажа: "Гэта Мой Сын, больш Я нічога не магу вам падараваць". Таму жывіце той радасцю, што Бог прыйшоў не для кагосьці, а менавіта для нас, каб збавіць нас ад граху, каб надаць сэнс нашаму жыццю і адарыць сваёй ласкаю...» — сказаў іерарх.

Напрыканцы біскуп выказаў словы падзякі ўсім, хто служыць людзям у шпіталях: «Дзякуй вам, пачынаючы ад медыкаў, заканчваючы тымі, хто прыбірае ў шпіталях, за вашае ахвярнае служэнне. Молячыся за вас, я сапраўды прашу, каб Бог даў дастаткова сіл і вытрымкі заўсёды і аддана служыць кожнаму чалавеку».


Аксана Ючкавіч
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.