Аплаткавая сустрэча розных касцёльных рухаў адбылася ў Мінску |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
21.12.2015 17:17 |
20 снежня ў касцёле свв. Сымона і Алены ў Мінску адбылася аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў розных рэлігійных рухаў з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім. У гаміліі падчас святой Імшы біскуп Юрый Касабуцкі падкрэсліў важнасць дапамогі іншаму чалавеку і міласэрнасці ў адносінах да бліжніх. «Можа, сапраўды мы ўзгадаем кагосьці, хто патрабуе нашай увагі, неабыякавасці, нашага візіту або тэлефоннага званка. І гэтая нашая неабыякавасць, магчыма, будзе сапраўдным элементам падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння», – зазначыў іерарх. Гэтую міласэрнасць праз сваё служэнне рэалізуюць таксама прадстаўнікі розных касцёльных рухаў і супольнасцяў, з якімі пасля святой Імшы дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі падзяліўся аплаткай.
На пачатку аплаткавай сустрэчы іерарх прывітаў удзельнікаў касцёльных рухаў і нагадаў, наколькі важна для кожнага католіка больш актыўна ўдзельнічаць у касцёльным жыцці, служачы іншым людзям і дапамагаючы ім сваімі малітвамі, добрымі ўчынкамі або рознымі формамі евангелізацыі. «Напэўна, кожны з вас не проста так апынуўся ў сваёй супольнасці. Напэўна, Бог нейкім чынам сказаў: “а вось тут будзе тваё месца, тут ты зможаш і для сябе, і для сваіх бліжніх выпрасіць шматлікія дары і божыя ласкі”», – заўважыў біскуп Юрый Касабуцкі падчас прывітання. «Не проста так» было створана 10 касцёльных супольнасцяў і рухаў, прадстаўнікі якіх прыйшлі на гэтую аплаткавую сустрэчу. Касцёльны “актыў” у гэты вечар прадставілі: рух «Капліца Маці Божай Шэнштацкай», Легіён Марыі, «Сужэнскія сустрэчы», супольнасць Апякункі добрай смерці, супольнасць Дапамогі Душам Чысцовым, Маці ў малітве, малітоўная група «Міласэрнасць Божая», супольнасць «Каштоўная пярліна» руху «Святло-Жыццё», рух «Жывы Ружанец» і апостальскі рух «Маргарытка».
Удзельнікі кожнага з гэтых рухаў распавялі пра сваю дзейнасць, а некаторыя, як, напрыклад, прадстаўнікі малітоўнай групы «Міласэрнасць Божая», праспявалі калядныя песні і раздалі прысутным сімвалічныя калядныя «пасланні-зорачкі» з напісанымі на іх урыўкамі са Святога Пісання. Біскуп Юрый Касабуцкі падзякаваў супольнасцям за іх дзейнасць. Адзначыўшы асобна кожную з іх, іерарх благаславіў усіх прысутных і падзяліўся з імі аплаткай. Марына Валасар |
Фотарэпартаж |