20 снежня, у IV Нядзелю Адвэнту, у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) адбылася аплаткавая сустрэча літоўскай дыяспары Мінска. Сустрэча пачалася святой Імшой на літоўскай мове, якую цэлебраваў кс. Міхал Бубен.
У гаміліі, каментуючы фрагмент нядзельнага Евангелля, святар звярнуў увагу на прыклад Найсвяцейшай Панны Марыі і заахвоціў прысутных, нягледзячы на цяжкасці, якія сустракаюцца ў нашым жыцці, несці людзям Езуса Хрыста, як Марыя.
Пасля Эўхарыстыі адбылося традыцыйнае дзяленне аплаткай і віншаванні з нагоды надыходзячага Божага Нараджэння. На пачатку святар благаславіў аплаткі і свечкі, каб кожны жадаючы мог узяць іх на вігілійны стол. Пасля малітвы прысутныя ўзгадалі тых з супольнасці, хто ўжо ад’ехаў на святы ў Літву. Асаблівым чынам узгадалі спадара Альвідаса Вайткунаса – консула, які летам 2015 г. скончыў сваю дыпламатычную місію ў Беларусі. 
Спадар Альвідас Вайткунас клапаціўся пра духоўнае развіццё групы – дапамагаў пры набыцці малітоўнікаў на літоўскай мове, актыўна супрацоўнічаў са святарамі, дапамог у арганізацыі зімовых канікул для міністрантаў мінскай парафіі Св. Сымона і св. Алены і г.д., чым і заслужыў добрую памяць у сэрцах мясцовых літоўцаў.
Імша на літоўскай мове існуе ў Мінску ўжо на працягу чатырох гадоў. Распачаў яе ў касцёле св. Сымона і св. Алены Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, першы час супольнасцю апекаваўся кс. Часлаў Адамовіч, а апошнія два гады – кс. Міхал Бубен.

На сённяшні дзень святая Імша адбываецца кожную трэцюю нядзелю месяца ў 14.00 у мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы. (BJ), (AG)

Фота А. Кершыс
|