Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Калядная акцыя «Caritas» — больш, чым проста хэндмэйд
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.12.2015 14:54

20 снежня тэрыторыя мінскага Чырвонага касцёла ўяўляла сабой сапраўдны пляц «Caritas». У Чацвёртую нядзелю Адвэнту прадстаўнікі дыяцэзіяльных аддзяленняў «Caritas» прыехалі ў Мінск, каб прадставіць вырабы, якія яны змайстравалі разам з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі.

Гэтыя вырабы можна было набыць у падарунак родным і знаёмым на калядныя святы, а таксама дзеля таго, каб упрыгожыць вігілійны стол.

У нядзельную раніцу супрацоўнікі «Caritas» сустрэліся каля касцёла свв. Сымона і Алены, каб праз знаёмства з каляднымі вырабамі прыцягнуць увагу вернікаў да клопатаў патрабуючых, а таксама акцэнтаваць увагу на тым, чым з’яўляецца дабрачыннае каталіцкае таварыства «Caritas» у Беларусі і якую ролю яно адыгрывае ў жыцці Касцёла і ўсяго грамадства.

У прадстаўнікоў «Caritas» можна было падрабязней даведацца аб дзейнасці, якую вядзе дабрачыннае таварыства, і запісацца ў валанцёрскі рух.


Валанцёры «Caritas» Віцебскай дыяцэзіі распавялі, што тыя вырабы, якія яны прадставілі на акцыі, рабілі валанцёры разам з групай «Betel», у якой сацыяльныя работнікі займаюцца з людзьмі, якія маюць псіха-фізічныя захворванні.

Каля чатырох гадзін штодня яны прысвячалі вырабу разнастайных сувеніраў — ад калядных паштовак да імбірнага печыва на навагоднюю ёлку. Як заўважаюць самі валанцёры, такога роду праца вельмі неабходная. Ужо на працягу некалькіх гадоў можна заўважыць, як удзельнікі групы ўзрастаюць у сваіх здольнасцях, а здольнасці ў іх сапраўды вялікія.

«Такой шчырасці і адданасці справе яшчэ трэба павучыцца!» — дадае Ганна, валанцёр «Caritas» Віцебскай дыяцэзіі, якая яшчэ ў школьным узросце прыйшла ў валанцёрскі рух, каб дапамагаць патрабуючым.

Прадстаўнікі «Caritas» Гродзенскай дыяцэзіі прапанавалі пачытаць памяткі аб дзейнасці, якая вядзецца на Гродзеншчыне, а таксама распавялі, што тыя вырабы, якія яны прадставілі, старанна рабілі валанцёры, штодня ахвяроўваючы свой час.

Аддзяленне «Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі таксама знаёміла са сваёй працай і заахвочвала тэлефанаваць на дабрачынную лінію арганізацыі са стацыянарнага тэлефона, тым самым ахвяруючы сродкі на ўтрыманне дома ў цэнтры cв. Лукі, у якім жывуць сем’і з дзецьмі, хворымі на анкалогію.

Што значыць быць міласэрным у стаўленні да бліжняга? Здаецца, столькім трэба дапамагаць — і дзецям, і самотным людзям, — што адзін чалавек можа зрабіць? Але такі чалавек забываецца, што і мора складаецца з мноства кропелек — трэба толькі пачаць.

Арганізацыя «Caritas» выказвае падзяку ўсім, хто далучыўся да акцыі, і жадае, каб добры Бог бласлаўляў ва ўсіх іх справах.

Кацярына Мальцава, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.