Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Мы просім, каб і нашыя сем'і жылі па прыкладу Святой Сям'і»: аплаткавая сустрэча сямейных рухаў прайшла ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.12.2015 13:29

27 снежня касцёл свв. Сымона і Алены ў Мінску поўніўся дзіцячымі галасамі. На аплаткавую сустрэчу з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім прыйшлі цэлыя сем’і.

Удзельнікі розных сямейных рухаў у гэты дзень мелі магчымасць не толькі падзяліцца аплаткай, але і прэзентаваць сябе, распавёўшы пра сваю дзейнасць у Касцёле. 

«Сёння мы ўшаноўваем Святую Сям’ю, але таксама просім, каб і нашыя сем’і жылі па яе прыкладзе, каб у іх быў заўсёды Бог, бо, калі мы стараемся жыць з Богам, то адкрываем сэрца на Яго ласку і Ён дапамагае нам перажываць розныя цяжкасці», — заўважыў біскуп Юрый Касабуцкі падчас святой Імшы, якой пачалася сустрэча.


Іерарх нагадаў пра важнасць атмасферы любові паміж сужэнцамі для больш плённага выхавання дзяцей, а таксама пра вялікую ролю супольнай малітвы, падчас якой «мы звязваем сябе ланцужком Божай любові і адкрываемся на Бога».


Яшчэ глыбей «адкрывацца на Божую любоў» на сустрэчу прыйшлі сем’і — прадстаўнікі рухаў «Факаляры» і «Сужэнскія сустрэчы», а таксама ўдзельнікі супольнасці «Хатні Касцёл».

Асабліва радасным гэты дзень быў для дзяцей, якія весела гаманілі ў дольнай частцы касцёла, гойсалі адзін за адным, спявалі калядкі і вадзілі карагоды разам з бацькамі. Шмат радасці было і ад кропляў святой вады, якою біскуп Юрый Касабуцкі благаславіў малых і іх бацькоў на пачатку сустрэчы.

Пасля дзялення аплаткай была прэзентавана тэматычная калядная пастаноўка, якую зладзілі бацькі для сваіх дзяцей.

Імправізаваная сцэнка «Маленькі прынц» распавяла гісторыю нараджэння Езуса ў сучасным грамадстве, а ў перапынках паміж актамі пастаноўкі гледачы спявалі калядныя песні.

У нефармальнай святочнай атмасферы некаторыя з удзельнікаў сямейных рухаў распавялі карэспандэнту Catholic.by пра свой удзел у касцёльных супольнасцях.

Сям’я Алены і Паўла Кузьміцкіх, напрыклад, ужо на працягу 13 гадоў звязана з рухам «Сужэнскія сустрэчы». Муж і жонка, бацькі шасцярых дзяцей, адказваюць за рух у Беларусі, а таксама ўваходзяць у яго міжнароднае праўленне.

«Найбольш важнае для мяне, — прызнаецца Павел, — гэта тое, што праз свой удзел у руху, праз тыя сведчанні, якія я чую ад розных маладых сужэнстваў, да мяне таксама вяртаецца свежасць пачуццяў. Самае галоўнае, што я магу праз дыялог, які прапануе рух «Сужэнскія сустрэчы», набліжацца да Лены ў такой адкрытасці і праўдзе. Гэта сцірае паміж намі межы. Я кожны дзень задумваюся, наколькі нашая сувязь у сужэнстве моцная і што я павінен зрабіць, каб мы і надалей станавіліся бліжэй адно да аднаго. А дыялог, які мы вядзём у праўдзе адзін з адным у сужэнстве, пераносіцца і на дыялог з нашымі дзецьмі». 

Бацькі пяцярых дзяцей — Ганна і Павел Баярчук — удзельнічаюць у руху «Сужэнскія сустрэчы» ўжо сем гадоў.

«Для нас гэты рух – магчымасць з мужам жыць у дыялогу, у адзінстве, працаваць над тым, каб чуць адно аднаго, разумець, прымаць і прабачаць. Для нас гэта спосаб будавання сямейных адносін. Таксама гэта патрэба дзяліцца гэтым, несці гэта іншым сем’ям, якія патрабуюць такога ж дыялогу. Мы лічым гэта сваёй місіяй», — дзеліцца жонка Ганна.

Для яшчэ зусім маладой сям’і Жак — Яны, Віктара і іх маленькага Яна — удзел у «Сужэнскіх сустрэчах» дае магчымасць пераняць вопыт у іншых сем’яў.


«Мы належым да супольнасці ўжо два гады. Для нас гэта магчымасць правесці час з сем’ямі, блізкімі нам духоўна, стымул паразмаўляць з сужэнцам, а таксама стымул да малітвы менавіта ў сям’і.  Кожны вечар ты ўспамінаеш, што з’яўляешся хрысціянінам, становішся на калені і паказваеш свайму сыну добры прыклад», — дзеліцца ўражаннямі Яна Жак, а яе муж Віктар дадае:

«Мы сустракаемся з такімі ж сем’ямі, дзелімся сваім вопытам, праблемамі. Таксама і іншыя сем’і дапамагаюць нам вырашыць некаторыя пытанні сваім вопытам. Гэта здольнасць падзяліцца нейкімі сваімі дасягненнямі, парадавацца за іншых».

Удзельніца руху «Факаляры» Ірына Рубінава адзначае, што вельмі цэніць паважлівы, «экуменічны» падыход супольнасці да прадстаўнікоў іншых рэлігій і веравызнанняў.


«Рух мне вельмі блізкі яшчэ і тым, што кожны месяц мы атрымліваем урывак са Святога Пісання, які з’яўляецца камертонам жыцця на гэты месяц. І бывае вельмі цудоўна і самому перажыць гэты камертон, і пачуць, як перажываюць яго іншыя людзі, бо часам бывае, што Бог прамаўляе праз іншых проста ў сэрца даслоўна».

Ларыса Царова разам з мужам уваходзяць у супольнасць «Хатні Касцёл» амаль дзесяць гадоў. Самымі актыўнымі для сям’і былі першыя пяць гадоў, калі сужэнцы ездзілі на розныя рэкалекцыі разам з супольнасцю і ўдзельнічалі ў розных сустрэчах. Не так актыўна, але і зараз сям’я ўдзельнічае ў жыцці супольнасці, сустрэчы якой адбываюцца штомесяц у мінскай архікатэдры.


«Вельмі добра, калі хрысціянскія сем’і не ізаляваны адна ад адной, а маюць супольнасць, дзе могуць сустрэцца; бачыць, як жывуць з Богам іншыя сем’і, дзяліцца сваім досведам веры, выхавання дзяцей, разам узрастаць духоўна. Асабліва гэта патрэбна для мужчын, якім важна бачыць прыклад іншых мужчын-хрысціян. Гэта ўсё потым дае сіл і натхнення ў звычайным штодзённым жыцці жыць па-хрысціянску. Таму для нас гэта вельмі вялікая падтрымка», — кажа Ларыса.


Марына Валасар, фота Віктара Ведзеня і Марыны Валасар

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.