Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Трэцяя па ліку суполка руху «Equipes Notre-Dame» з’явілася ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.12.2015 12:47

27 снежня падчас парафіяльнага свята ў мінскай парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ пяць сем’яў склалі ўрачыстыя абяцанні т.зв. карты руху «Equipes Notre-Dame», прыняўшы Евангелле за Канстытуцыю сваіх сем’яў. Раздзяліць радасць вернікаў прыбыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Перад святой Імшой іерарх сустрэўся з дзецьмі. Мітрапаліт павіншаваў іх з Божым Нараджэннем, пажадаў моцнай веры і падзяліўся з малымі парафіянамі аплаткай.

На пачатку святой Імшы, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, арцыпастыр падкрэсліў сэнс Божага Нараджэння і нагадаў пра ўспамін святога Яна Евангеліста, тытул якога носіць парафія:

«З прышэсцем Хрыста свет змяніўся, у яго замест закону помсты ўвайшоў закон любові, і любові ажно да крыжовай смерці для збаўлення чалавецтва. Наш нябесны апякун, святы Ян Евангеліст, якраз і з’яўляецца тым, хто ў напісаным ім Евангеллі і пасланнях на першае месца ставіць любоў Бога да чалавека і Бога называе любоўю».

Большую частку гаміліі Мітрапаліт прысвяціў тэме інстытута сям’і, ставячы Святую Сям’ю ў прыклад сучасным сем’ям: «Ці з’яўляюцца нашыя сем’і месцам першага выхавання маладога пакалення, хатнім Касцёлам, дзе штодзённа бацькі і дзеці разам моляцца, дапамагаючы адно аднаму, і дзе пануе любоў? Сённяшняе Евангелле распавядае аб тым, як Езус, Марыя і Юзаф знайшлі Езуса ў святыні. А дзе сёння бацькі шукаюць сваіх дзяцей? У касцёле ці ў падваротні, дзе яны п’юць піва з сябрамі і, можа, кураць траўку?»


«У поўны мітусні свет прыходзіць Езус і заклікае нас спазнаць Яго прысутнасць. А мы спазнаем Яго тады, калі будзем звяртаць увагу на вечныя і духоўныя справы як у асабістым жыцці, так і ў жыцці сям’і, якая з’яўляецца галоўным рухавіком у дасягненні святасці і выхаванні маладога пакалення да самастойнага жыцця паводле прынцыпаў хрысціянства», — зазначыў іерарх.

Кульмінацыяй урачыстасці стала прыняцце некалькімі сем’ямі карты руху «Equipes Notre-Dame». Гэты сямейны рух ставіць сваёй мэтай дапамогу сем’ям у імкненні да святасці, адкрыццё і рэалізацыю ўсіх вымярэнняў сакрамэнту сужэнства. У Беларусі налічваецца 19 суполак руху. Суполка пры парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ стала трэцяй у Мінску.

Пяць сужэнскіх пар прысвяцілі свае сем’і Богу і склалі абяцанні: «Сёння, Езу Хрыстэ, мы бяром Тваё Евангелле за Канстытуцыю нашай сям’i. У лучнасцi з Касцёлам i яго пастырамi будзем змагацца з грахом, баранiць святасць сужэнства i зачатага жыцця. Будзем абараняць сям’ю ад п’янства, распусты i нянавiсцi… Учынi, каб нашая сям’я, паяднаная з Табою, праслаўляла ў небе Тваю мiласэрнасць», — зачытвалі сем’і свае абяцанні.

Напрыканцы Імшы з нагоды свята св. Яна Евангеліста Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў віно ў памяць пра выпадак, калі святы Ян благаславіў атручанае віно і яно яму не пашкодзіла.

«Касцёл просіць Бога, каб кожнага, хто будзе каштаваць асвечанае віно, Ён захаваў ад атруты граху», — адзначыў арцыбіскуп.

Завяршылася свята супольным дзяленнем аплаткай.

Віталій Палінеўскі,
фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.