Каляднай аплаткай і віншаваннямі падзяліўся біскуп Юрый Касабуцкі з навукоўцамі, настаўнікамі і выхавацелямі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
28.12.2015 14:55 |
Звярнуць увагу на любоў, якая жыве ў сям’і, прапанаваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў вечаровую Імшу ў касцёле свв. Сымона і Алены ў дзень, калі Касцёл адзначае свята Святой Сям’і і ўзгадвае ўлюбёнага вучня Езуса – евангеліста Яна. Пасля Эўхарыстыі біскуп падзяліўся аплаткай з навукоўцамі, настаўнікамі і выхавацелямі. Любоў, якую абяцаюць сужэнцы падчас вянчання перад алтаром, азначае самавырачэнне для іншага чалавека, заўважыў біскуп у гаміліі.
Калі звярнуць увагу на сітуацыю Марыі і Юзафа, то можна заўважыць, што іх сужэнская будучыня магла быць пад пагрозаю знішчэння і вялікай ганьбы для Марыі. Але яе “абручнік” Юзаф, каб уратаваць сям’ю, парушае агульнапрыняты закон і робіць гэта дзеля дабра сваёй заручанай, адзначыў іерарх. Наступным складаным этапам у жыцці Святой Сям’і біскуп назваў момант, калі дзеля захавання сям’і Марыя і Юзаф з нованароджаным Езусам былі вымушаны ўцякаць у Егіпет, прымаючы складаныя ўмовы падарожжа. Іх чакала небяспека пустыні, чужая краіна, але між тым яны «кінуліся ў невядомае дзеля ратавання сям’і, разумеючы, што дзесьці будуць галодныя, не будуць мець дабрабыту, але будзе жыць сям’я і дзіця», дадаў біскуп. Напрыканцы іерарх пажадаў усім прысутным стварыць праўдзівую іерархію каштоўнасцей, а ўсім сем’ям і ўсім, хто толькі збіраецца пабудаваць сям’ю, пачаць будуваць яе ў любові, «якая самавыракаецца і ставіць іншага чалавека на першае месца». На завяршэнне Імшы пробашч парафіі Свв. Сымона і Алены ксёндз Уладзіслаў Завальнюк падчас аб’яў звярнуў увагу на тое, што «фіміямы беларускай зямлі, сапраўдныя асобы, з якіх складаецца беларускі народ і не можа існаваць нацыя», нараджаюцца і выхоўваюцца ў сем’ях, якія і ёсць асноўнай крыніцай узрастання і развіцця народа, а таксама з дапамогай настаўнікаў і выхавацеляў. Пасля Эўхарыстыі біскуп Юрый Касабуцкі разам са святарамі Чырвонага касцёла падзяліліся аплаткай з выхавацелямі, настаўнікамі, выкладчыкамі і навукоўцамі, віншуючы са святам Божага Нараджэння і жадаючы плённай працы.
Аксана Ючкавіч |