Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Католікі Магілёва разам з біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB сустрэлі Новы год у катэдры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.01.2016 02:02

31 снежня ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава а 22-й гадзіне сабраліся вернікі, каб разам з Богам сустрэць Новы 2016 год.

Традыцыя сустракаць Новы год у катэдры існуе ў Магілёве другі год. Як распавядаюць самі вернікі, заўважаецца, што ўсё больш людзей аддае перавагу сустрэчы Новага года ў храме, а не за сталом.

Набажэнства пачалося выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітвай падзякі, перапрашэння і просьбы, якую вернікі загадзя падрыхтавалі, пішучы на картцы свае ўласныя словы. Такім чынам набажэнства стала вельмі асабістым момантам для магіляўчан. Узначаліў яго біскуп вікарый для Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB у суправаджэнні вікарыя катэдральнай парафіі кс. Паўла Беразуна, адміністратара парафіі ў Горках кс. Андрэя Кеўліча і адміністратара парафіі ў Шклове кс. Аляксандра Шупенькі.

Пасля набажэнства а 23-й гадзіне пачалася святая Імша падзякі за 2015 Панскі год. На пачатку біскуп Аляксандр Яшэўскі адзначыў: «Чалавек добра выхаваны заўсёды дзякуе за аказанае яму дабро. Таму падчас гэтай Эўхарыстыі мы жадаем у першую чаргу выказаць нашу падзяку Богу за айцоўскі клопат пра нас падчас гэтага года, за Яго міласэрнасць і любоў, за атрыманыя ласкі і за выпрабаванні, праз якія мы не адышлі ад Бога, а яшчэ больш умацаваліся ў веры. Заўважаныя дары становяцца матывам радасці і жаданнем падтрымліваць іх у сваім жыцці і надалей у новым 2016 годзе».

У гаміліі іерарх сказаў: «Наша планета, гэтак прыгожа створаная Богам і гэтак сапсаваная намі, людзьмі, здзейсніла яшчэ адзін поўны абарот вакол Сонца. Новы год ужо пайшоў па планеце, наведваючы краіну за краінай ад Усходу да Захаду. Надыходзіць Новы год і ў нашай Радзіме, і лічбы гатовыя зрушыцца на ўсіх без выключэння календарах, і ўсё чалавецтва чакае чагосці новага». «Новы год нічога новага не прынясе чалавеку ў тым выпадку, калі сам чалавек змяняцца і абнаўляцца не мае намеру, — дадаў біскуп. — Той, хто не змяняецца да лепшага, асуджаны на вечную мітусню і крыўдную аднастайнасць. Таму такі чалавек будзе паўтараць з Саламонам: “Марнасць над марнасцю, усё марнае” (Экл 1, 1)».

«Менавіта таму маё першае пажаданне сабе і вам, дарагія браты і сёстры, у Новым 2016 годзе, прысвечаным у Касцёле Божай Міласэрнасці, — нястомна пераменьвацца, каб, адкрываючы ў сабе вобраз чалавека, створанага па вобразу і падабенству Божаму, стаць больш пераканаўчымі і плённымі сведкамі Хрыста, якія набліжаюцца і набліжаюць іншых да Бога», — адзначыў біскуп.



Напрыканцы святой Імшы іерарх сказаў: «Віншую з Новым годам святароў Магілёўшчыны, якія ахвярна выконваюць пастырскае служэнне ў нашым рэгіёне. З Новым годам сясцёр і братоў у манаскім служэнні, часцінак неба на нашай зямлі. Добрага года для семінарыстаў, якія ўжо мараць стаць пры алтары і ў той жа час павінны яшчэ вывучаць багаслоўскія кнігі. З Новым годам парафіі і сем’і, сапраўдныя іконы з Назарэта. З Новым годам касцёльных супрацоўнікаў, якія з’яўляюцца рукамі і нагамі святароў. З Новым годам тых, хто спявае, тых хто пакутуе, тых, хто спадзяецца, тых, хто танчыць, тых, хто памятае, і тых, хто просіць».

«З Новым годам усіх дзяцей і моладзь, а таксама ўсіх пажылых людзяй. З Новым годам свецкую ўладу і прадстаўнікоў іншых веравызнанняў, з якімі мы павінны будаваць справядлівасць і супакой у свеце. З Новым годам біскупаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, адданых пастыраў свайго статку. З Новым годам вас, браты і сёстры, прысутныя тут; няхай Езус, які быў думкай супакою ў сэрцы Айца, стане сапраўдным супакоем для нашага свету ў абдымках Божай Маці», — пажадаў біскуп.

Роўна ў 00.00 біскуп Аляксандр Яшэўскі благаславіў Найсвяцейшым Сакрамэнтам чатыры бакі сусвету, даручаючы ўсё чалавецтва Божаму Провіду і Яго благаслаўленню.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.