Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Бэтлеемская Зорка»: канцэрт на тэму Божага Нараджэння прайшоў у Вілейцы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.01.2016 10:48

3 студзеня дзеці і моладзь Вілейкі разам з парафіяльным хорам «Angeli» наладзілі святочную праграму, прысвечаную святу Божага Нараджэння.

Пасля заканчэння актавы Божага Нараджэння і перад урачыстасцю Аб’яўлення Пана ў вілейскім Палацы культуры адбыўся святочны канцэрт пад назвай «Бэтлеемская Зорка».

Праграма складалася з калядных спеваў парафіяльнага хора «Angeli», батлейкі і інсцэніровак, якія прадставілі дзеці і моладзь парафіі Узвышэння Святога Крыжа.

Таксама ў гэты вечар са сцэны гучалі вершы, а танцавальныя кампазіцыі выклікалі сапраўднае захапленне ў гледачоў. Праз усё гэта таленавітая моладзь вучыла бачыць прыгажосць і веліч свята Нараджэння Збаўцы.


У невялікай трыццаціхвіліннай п’есе маладым акцёрам удалося перадаць праўду аб незвычайнай ночы Божага Нараджэння, калі гучаць спевы анёлаў, свецяць знічы пастухоў, зіхаціць золата каралёў, а галоўнае — чуецца плач Немаўляці, першы крык уцелаўлёнай Любові, якую здольнае пачуць толькі чыстае сэрца ў цішыні.


Гэта аказалася проста: усім сэрцам прыняць радасную вестку, спыніць штодзённую мітусню, каб прыйсці да ясляў Збаўцы і прыняць Яго ў сваё жыццё.

Падчас канцэртнай праграмы да ўсіх прысутных словы віншавання са святам Божага Нараджэння скіравалі старшыня раённага савета дэпутатаў Наталля Радзевіч і пробашч вілейскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа кс. Аляксандр Барыла.

Ганна Аўсейчык
Фота дк. Паўла Трона і Дзяніса Канецкага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.