«Гэта магчымасць дарыць Божую радасць»: каляднае свята для дзяцей з Беларускага хоспіса прайшло ў Мінску |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
05.01.2016 12:12 |
4 студзеня ў канферэнц-зале пры царкве свв. Пятра і Паўла ў Мінску дзеці, моладзь і ўдзельнікі руху «Легіён Марыі» наладзілі калядны канцэрт для дзяцей з Беларускага дзіцячага хоспіса. Калядны перыяд – час для здзяйснення сапраўдных цудаў і дзялення імі з бліжнімі. Гэтымі цудамі, а менавіта вясёлым канцэртам з каляднымі спевамі і пастаноўкай пра нараджэнне Езуса, дзяліліся дзеці і моладзь з мінскага касцёла свв. Сымона і Алены са сваімі аднагодкамі з Беларускага дзіцячага хоспіса. Ініцыятарамі правядзення каляднага свята сталі ўдзельніцы руху «Легіён Марыі» Мона Сім і Ганна Салодкая. «Ідэя арганізаваць канцэрт для дзяцей узнікла выпадкова. Аднойчы я ішла па вуліцы і ўбачыла на малюнку дзве рукі. Гэта быў знак дзіцячага хоспіса. Я падумала, што мне патрэбна нейкім чынам дапамагчы хоспісу. Спачатку я перавяла невялікую суму на іх рахунак. Палічыла, што гэтага будзе дастаткова. Але потым я ўвесь час сутыкалася з рознымі знакамі гэтай арганізацыі і не ведала, як яшчэ можна ёй дапамагчы. Праз некаторы час я сустрэла Уладзіміра Вайцяховіча з "Легіёна Марыі", і ён запрасіў мяне ў "Легіён", а потым прапанаваў пайсці ў дзіцячы хоспіс», — распавяла Мона Сім.
Не проста наведаць дзяцей з хоспіса, але і паказаць ім калядную пастаноўку Моне прапанавала яе сяброўка Ганна Салодкая. Такім чынам, дзяўчыны разам прыступілі да рэалізацыі сваёй задумы. «Для мяне гэта быў канкрэтны крок наперад. Так я магла вызнаваць сваю веру не толькі словамі, але і справамі. Гэта спосаб расказаць такім дзецям, што ёсць Езус – Той, хто іх вельмі моцна любіць, каб яны не адчувалі сябе такімі пакінутымі. А для нашых дзяцей гэта магчымасць убачыць, што ёсць таксама іншыя людзі, якім патрэбна нашая дапамога», — прызналася Ганна Салодкая. Стварыць атмасферу свята для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі дапамаглі прыгожыя касцюмы біблійных герояў і выдатная ігра акцёраў з Чырвонага касцёла. «Нашым дзецям, канешне, патрэбна больш такіх сустрэч і ўвагі, таму што яны абмежаваныя ў зносінах. Цудоўна, што такія мерапрыемствы праводзяцца для дзяцей, якім складана жыць у нашым грамадстве», — падзялілася ўражаннямі Ірына Бяспалава. Без гэтай неабходнай ім увагі дзеці ў гэты дзень не засталіся. Яны не толькі змаглі ўбачыць калядную пастаноўку і крыху даведацца пра значэнне Божага Нараджэння, але таксама паслухаць і развучыць некалькі калядных песень. Арганізацыя такіх мерапрыемстваў, як адзначыла ўдзельніца касцёльнага хору Аляксандра Крываносава, дае магчымасць зрабіць штосьці добрае і сапраўды важнае для бліжніх: «Гэта магчымасць не быць замкнёным на сабе, а дарыць Божую радасць кожнаму чалавеку, радасць, якая праяўляецца ва ўсмешцы. Усе твае праблемы знікаюць, калі ты ведаеш, што вакол ёсць людзі, якім заўсёды патрэбна менавіта твая дапамога, часам простая ўсмешка і радасць».
Падарыць гэтую радасць дзецям з беларускага хоспіса, дзякуючы апецы Панны Марыі, сапраўды ўдалося. Пастаноўка, калядныя спевы і салодкія пачастункі ад анёла выклікалі ўсмешкі і здзіўленне на тварах дзяцей. «Мы аказваем паліятыўную апеку невылечна хворым і іх сем’ям. У асноўным гэта дзеці і моладзь. На сёння ў нас пад апекай каля 100 чалавек па Мінску і каля 40 па ўсёй Беларусі. Акрамя гэтага, у нас яшчэ ёсць сацыяльная праграма, у якую ўключаны дзеці і моладзь з больш лёгкімі абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Частка іх сёння была на мерапрыемстве. Хочацца падзякаваць усім арганізатарам за гэтае мерапрыемства», — адзначыў пасля канцэрту Аляксей Дзядак, сацыяльны работнік Беларускага дзіцячага хоспіса. Марына Валасар, фота аўтара
|
Фотарэпартаж |