Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пухавіцкі дом-інтэрнат з калядным прадстаўленнем наведалі дзеці з парафіі Св. Антонія ў Мар’інай Горцы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.01.2016 13:11

Урачыстасцю Аб’яўлення Пана завяршаецца перыяд Божага Нараджэння. Гэтая ўрачыстасць нагадвае пра падзею, калі мудрацы прыйшлі да Дзіцятка і Яго Маці, аддаючы пашану і ахвяруючы дары.

А што мы сёння нясём у дар Богу-чалавеку? Адказаць на гэтае пытанне паспрабавалі ўдзельнікі парафіяльнага гурта касцёла св. Антонія ў Мар’інай Горцы.

Раніцай 6 студзеня пасля святочнай літургіі разам з пробашчам парафіі кс. Генрыхам Кучынскім дзеці наведалі са святочным калядным канцэртам дзяржаўную установу «Пухавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат».

Прадстаўляючы пастаноўку пра Божае Нараджэнне, хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі свае лісты да Бога, расказваючы і пра тыя дары, якія яны падрыхтавалі Збаўцу: «Мы нясём нашыя сэрцы, напоўненыя любоўю і прысвячэннем сябе. Нясём малітвы — прагненні, просьбы, падзякі, праслаўленні. Ахвяруем пакору і паслухмянасць, боль, смутак, хваробы».

Дзеці даносілі гледачам думку пра тое, што да Бэтлеема не вельмі далёка, ён — на адлегласці чалавечых сэрцаў, абдымкаў і адкрытай рукі: «Бэтлеем знаходзіцца блізка, кожны можа сюды дайсці».

«Наш дом» — так, з цеплынёй і любоўю, называюць жыхары гэтай установы сваё сталае, часовае або апошняе жыллё. Таму ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана ўдзельнікі парафіяльнага гурта касцёла св. Антонія жадаюць, каб у кожным чалавеку не было халадней, чым у тых яслях, і просяць Езуса аб благаслаўленні гэтага дома: «Christus Mansionem Benedicat».

Сняжана Буцук

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.