Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў парафію ў Глуску |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
08.01.2016 11:49 |
6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, біскуп вікарый для Магілеўскай часткі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў парафію Св. Ганны ў Глуску.
Нягледзячы на халоднае надвор’е і працоўны дзень, у парафіі сабралася вялікая колькасць вернікаў. Біскуп узначаліў урачыстую святую Імшу і прамовіў гамілію.
На Імшы таксама прысутнічаў прадстаўнік аддзела па ідэалогіі глускага гарвыканкама, які пажадаў у сваёй прамове, каб Касцёл на Глушчыне развіваўся, і павіншаваў католікаў са святамі Божага Нараджэння і Новым годам. Урачыстасць асвятляў журналіст раённай газеты.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі нагадаў пра сімволіку падзей перыяду Нараджэння Пана, а таксама пра сэнс і значэнне для кожнага чалавека Юбілейнага Года Міласэрнасці, які пачаўся ў Касцёле. Іерарх запрасіў вернікаў да ўдзелу ў пілігрымцы да магілеўскай катэдры, каб прайсці праз Брамы Міласэрнасці і атрымаць ласку адпусту.
Таксама біскуп патлумачыў значэнне ўрачыстасці Аб’яўлення Пана i сімвалізм літар C + M + B, якімі католікі пазначаюць дзверы сваіх дамоў у знак маніфестацыі сваёй веры.
Напрыканцы ўрачыстасці былі асвечаны крэйда, золата і міра. (AG)
|