Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Канікулы з Богам» на тэму «Святыя ў маім жыцці» прайшлі ў мінскім араторыі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.01.2016 12:35

З 4 па 8 студзеня ў салезіянскім араторыі імя св. Яна Боско ў Мінску праходзілі зімовыя «Канікулы з Богам» на тэму «Святыя ў маім жыцці».

Усе пяць дзён дзеці знаёміліся з жыццём святых, дарагіх салезіянскай сям’і, гулялі ў цікавыя гульні і разважалі над рознымі тэмамі, сярод якіх былі пакорнасць, адкрытасць, міласэрнасць, ахвярнасць і спагада.

Тэмай першага дня быў выраз «Ціхі і пакорны сэрцам». У гэты дзень дзеці разважалі над пакорай, а таксама даведаліся пра жыццё св. Францішка Сальскага, які не аднойчы ў сваім жыцці праяўляў пакору.

«Адкрытасць да іншых» была тэмай другога дня. У працы ў групах, дзякуючы прыкладу св. Марыі Дамінікі Мадзарэлло, якая была заўсёды адкрытая на дапамогу іншым людзям, дзеці разважалі над адкрытасцю. Як вынік працы, кожная група падрыхтавала невялікую сцэнку на тэму «Як я праяўляю сваю адкрытасць да іншых».

У трэці дзень удзельнікі канікул разважалі на тэму «Толькі міласэрнасць уратуе свет». Дзеці думалі над тым, як ў сваім жыцці могуць праўляць міласэрнасць да іншых. Прыкладам міласэрнасці для іх стаў св. Алаізій Арыёнэ.



У чацвёрты дзень прапанавалася паразважаць на тэму «Прыклад ахвярнасці». У гэты дзень дзеці павінны былі прынесці з дому сваю самую любімую цацку і ахвяраваць яе араторыю. У працы ў групах абмяркоўваўся прыклад ахвярнасці св. Калікста Караварыё, які аддаў сваё жыццё за катэхетак. Як вынік працы, кожная група падрыхтавала малюнак на тэму «Як я магу ахвяраваць сябе?».

Тэмай апошняга дня стаў выраз «Спагадны для збаўлення душ». Дзеці разважалі над спагадай, прыкладам спагады для іх быў св. Алаізій Версілія. У працы ў групах дзеці намалявалі плакат падзякі.

Напрыканцы дзеці пры дапамозе с. Тэрэзы Сольнічэк FMA і аніматараў падвялі вынікі канікул і зрабілі агульны фотаздымак.

«Канікулы з Богам» – не адзіная магчымасць для дзяцей добра правесці час у мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля. Кожную нядзелю парафія чакае дзяцей і іх бацькоў на святую Імшу а 10-й гадзіне, пасля якой у араторыі для ўсіх жадаючых пройдуць цікавыя і павучальныя гульні.



Паводле www.sdb.by

(AG)

Фота www.sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.