Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Горках прайшла сустрэча духавенства ўсходняй часткі архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.01.2016 00:49

21 студзеня ў Горках адбылася сустрэча духавенства ўсходняй часткі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Сустрэча пачалася духоўнай канферэнцыяй, якую падрыхтаваў духоўны айцец Магілёўскага рэгіёну кс. Андрэй Далянскі з Касцюковіч. У сваім выступленні кс. Андрэй засяродзіўся на тэме рэзідэнцыі духоўных асобаў, прадставіўшы яе ў трох накірунках: прабыванне ў Богу, у самім сабе, а таксама ў парафіі. Святар звярнуў асаблівую увагу на навучанне Касцёла, прадстаўленае ў Кодэксе кананічнага права і Статутах Сіноду, якія адлюстроўваюць партыкулярнае права Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. «Пробашч з’яўляецца пастырам парафіі, які адказвае перад Богам за яе асвячэнне і збаўленне, — нагадаў кс. Андрэй Далянскі. — Таму трэба пастаянна вяртацца да сутнасці добраахвотнага выбару шляху духоўнай асобы.


 
Пасля духоўнай канферэнцыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць таксама прыступіць да сакрамэнту пакаяння.
 
Святую Імшу ўзначаліў біскуп вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB. У гаміліі іерарх працягнуў думку духоўнага айца рэгіёну і разважаў над асаблівасцямі (характарыстыкамі) добрага біскупа, святара, добрай кансэкраванай асобы, якія ствараюць паняцце «быць біскупам», «быць святаром» і «быць кансэкраванай асобай». «Мы, святары і кансэкраваныя асобы, маем адно жаданне і адзіны намер — наследваць у нашым жыцці Езуса Хрыста. Гледзячы на нашае жыццё, асабістае і супольнае, заўважаю, што з наследваннем Хрыста ў нашым жыцці бывае па-рознаму. Менавіта таму на Захадзе пустымі застаюцца святыні, іх прадаюць альбо разбураюць. Менавіта з недахопу нашага сведчання змяншаецца колькасць пакліканняў, ды і людзі губляюць веру», — адзначыў біскуп.
 
Асноўным дакументам для свайго разважання іерарх выбраў тэкст энцыклікі Папы Пія XI «Ad catholici sacerdotii fastigium» (1935 г.), у якой Святы Айцец яскрава прадставіў найбольш важныя якасці добрага святара. Біскуп вылучыў восем якасцяў, пра якія падрабязна распавёў у гаміліі.



На завяршэнне іерарх сказаў: «Мы сёння маем шмат магчымасцяў апавядаць пра Бога іншым. Мы сёння ведаем пра Бога больш, чым іншыя пакаленні. Нам застаецца толькі спалучаць веру, веды і жыццё, каб быць якаснымі духоўнымі асобамі, і ў гэты Надзвычайны Год Божай Міласэрнасці ўзрасці ў годным наследванні Хрыста; у пабожнасці; у цэлібаце і абяцанні чыстасці; у стрыманасці адносна зямных выгодаў; у руплівасці; у паслухмянасці; у пакоры; у сталай фармацыі і інтэлектуальным узрастанні. Хай у гэтым нам дапаможа Бог і Яго Найсвяцейшая Маці».

Паводле mohylev-katolik.by

(AG)

Фота mohylev-katolik.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.