Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Упершыню ў магілёўскай катэдры экуменічнае набажэнства прайшло з удзелам біскупа
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.01.2016 01:35

Задоўга да 23 студзеня біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB скіраваў запрашэнне да прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій Магілёўшчыны — а гэта рыма-католікі, грэка-католікі, праваслаўныя, лютэране і баптысты — прыняць удзел у чарговым Тыдні малітваў аб еднасці хрысціян.

23 студзеня ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве прайшла экуменічная малітва аб еднасці хрысціян. Аб гэтым вернікі Магілёўшчыны разам з усім светам маліліся на працягу тыдня з 18 да 25 студзеня.

Малітва пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў вікарый катэдральнай парафіі кс. Павел Беразун.

Пасля Эўхарыстыі адбылося само экуменічнае набажэнства, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла на чале з біскупам вікарыем Магілёўскага рэгіёну Аляксандрам Яшэўскім SDB — дэкан Магілёўскі ксёндз Віталій Драздоўскі, пробашч парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове ксёндз Аляксандр, вікарый катэдральнай парафіі ксёндз Павел Беразун; пробашч магілёўскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Бялыніцкай айцец Васіль Ягораў; прадстаўнікі Евангельскіх хрысціян-баптыстаў — намеснік біскупа Сяргей Гармаш і пастар Андрэй Папруга з Царквы «Ласкі Гасподняй» у Бабруйску, а таксама шматлікія вернікі.

Прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій, прачытаўшы прыпавесць пра сейбіта з Евангелля паводле Мацвея, звярнуліся да прысутных са сваімі разважанямі.

Каб усе былі адно

Біскуп Аляксандр Яшэўскі, які на правах гаспадара прамаўляў першым, адзначыў: «Прыпавесць пра сейбіта, з якой пачынаецца 13-ы раздзел Евангелля паводле Мацвея, заўсёды знаходзіць вельмі шырокае прымяненне. Тое, што апісана ў ім, нястомна адбываецца перад нашымі вачыма. Дзе б Божае слова ні прапаведвалася, дзе б людзі ні слухалі яго, усюды адбываецца менавіта тое, пра што распавядае Бог у гэтай прыпавесці».

Далей, разважаючы над біблійным тэкстам, іерарх сказаў: «Значнасць прапаведвання Божага слова для кожнай хрысціянскай канфесіі мае выключнае значэнне. Наша еднасць у прапаведванні таго ж самага Евангелля Езуса Хрыста — гэта адзін са спосабаў наблізіць адзінства паміж намі і стаць сапраўднымі сведкамі Бога ў сучасным свеце.

З прыпавесці сёняшняга Евангелля відаць, што служэнне прапаведніка падобна да працы сейбіта. Як і сейбіт, прапаведнік павінен сеяць добрае насенне, калі ён хоча ўбачыць добры плён. Ён павінен сеяць Божае слова, без якога ўсе намаганні апынуцца марнымі. Можна шмат казаць, шмат працаваць, але так і не ўбачыць звароту да Бога чалавечых душ».

Завяршаючы сваё разважанне біскуп Аляксандр Яшэўскі адзначыў: «Толькі адным спосабам можна засведчыць, што Слова прымаецца правільна — прынесці плён. Гэтая частка ў прыпавесці самая важная. Мы ніколі не павінны задавальняцца пустой артадаксальнасцю і халоднай правільнасцю тэалагічных поглядаў. Мы павінны бачыць, што Евангелле, любоў да якога мы вызнаем, прыносіць добры плён у нашым сэрцы і ў нашым жыцці. Вось сапраўднае хрысціянства. Словы апостала Якуба павінны часта гучаць у нашых хрысціянскіх супольнасцях: “Будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія падманваюць саміх сябе” (Як 1, 22)».

Пастыр Евангельскіх хрысціян-баптыстаў з Царквы «Ласкі Гасподняй» у Бабруйску Андрэй Папруга адзначыў: «Малітва за адзінства хрысціян вельмі важная, таму што ў нашым адзінстве — сіла малітвы. Хрыстус сказаў: калі дамовяцца двое з вас прасіць аб чым, верце, што атрымаецца. Таксама ў нашай еднасці сіла нашага сведчання навакольнаму свету аб нашым Пане і Збавіцелю Езусе Хрысце». «“Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго” (Ян 13, 35)», — завяршыў прамову пастыр Андрэй Папруга.



Прадстаўнік грэка-католікаў айцец Васіль Ягораў у сваім разважанні сказаў: «Калі мы разважаем аб еднасці хрысціян у Беларусі, асабліва ва ўсходняй яе частцы, то мы заўсёды сутыкаемся з “незнаёмасцю” паміж сабою, бо тут увогуле хрысціян вельмі мала. Таму, каб сведчыць гэтаму свету пра Хрыста, мы не можам дазволіць сабе “раскошы” раз’яднання. У сучасным жыцці мы, хрысціяне розных Цэркваў, вельмі часта адчуваем раздзяленне ў саміх сабе: мы розныя ў Храме, грамадстве, сям’і, адпачынку і г.д. Толькі пабудаваўшы еднасць і трываласць у саміх сабе, мы адчуем патрэбу і моц еднасці паміж хрысціянамі».

Завяршаючы малітоўную сустрэчу, біскуп Аляксандр Яшэўскі падзякаваў Богу за дар супольнай малітвы розных хрысціянскіх канфесій у старажытнай магілёўскай катэдры. Іерарх выказаў падзяку арганізатарам малітвы, катэдральнаму хору жанчын, якія разам з арганістам Яўгенам упрыгожылі экуменічнае набажэнства: розным рухам і супольнасцям, а таксама каталіцкім парафіям Магілёва за прысутнасць і дар супольнай малітвы.

На завяршэнне біскуп сказаў: «Сёння, разважаючы над Евангеллем Хрыста і молячыся аб адзінстве паміж намі, хрысціянамі, немагчыма не задаць сабе важнага пытання: а як я слухаю слова?

Мы жывем у хрысціянскай краіне, і, магчыма, з нядзелі ў нядзелю кожны з нас ходзіць у свае супольнасці на малітву пакланення і каб паслухаць там пропаведзі. Як мы гэта робім? Якое ўздзеянне яны аказваюць на нашае жыццё? Ці прыносім мы што-небудзь, што заслугоўвае назвы “плён”?»



«Кожны з нас можа быць упэўнены, што для таго, каб трапіць на нябёсы, мала хадзіць у храмы па нядзелях і слухаць прапаведнікаў. Мы павінны прыняць Божае слова ўсім сваім сэрцам і жыць ім кожны дзень. Яно павінна стаць нашай галоўнай рухаючай сілай, яно павінна ўразіць і змяніць нашага ўнутранага чалавека і прывесці ўсіх хрысціян да сапраўднага адзінства, — падкрэсліў біскуп. — Божага нам благаслаўлення на гэты цудоўны, благаслаўлёны і вельмі неабходны ў сучасным свеце шлях!».

(SN), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.