Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Тут футбол не дзеля футболу»: арганізатары турніра «Кубак Дона Боско» пра ідэю спаборніцтваў у араторыі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.01.2016 12:10

17 студзеня ў салезіянскім араторыі імя св. Яна Боско ў Мінску завяршыўся юбілейны, пяты па ліку турнір па мікра-футболе «Кубак Дона Боско». Пераможцамі стала каманда «Вінегрэт» — зборная студэнтаў, якія вучацца ў Мінску. Свае медалі хлопцы атрымаюць падчас урачыстасці св. Яна Боско 31 студзеня. Арганізатары турніру распавялі, як футбольны мяч дапамагае ў справе збаўлення душы.

На пытанні карэспандэнта sdb.by адказалі кс. Павел Шчарбіцкі SDB і салезіяне супрацоўнікі Уладзіслаў Зарэцкі і Аляксандр Перадкоў.

— Вы з’яўляецеся заснавальнікамі турніру па мікра-футболе «Кубак Дона Боско». З чаго ўсё пачыналася?

Аляксандр: Пачыналася ўсё ў 2009 годзе, калі мы яшчэ трэніравалі нашу моладзевую каманду парафіяльных міністрантаў. Сярод іх былі i некаторыя ўдзельнікі і арганізатары цяперашняга турніру «Кубак Дона Боско». Для іх і іх аднагодкаў мы запланавалі дзве сустрэчы. Адна была арганізавана на адным са стадыёнаў у мінскай Серабранцы, такі турнір-«аднадзёнка». Другую правялі ў адной са школ сталіцы. Гэта было ў 2009-2010 гг.

Уладзіслаў:  Можна сказаць, што задаткі гэтага турніру з’явіліся ў 2004-2005 гг. Тады ў Варшаве праходзілі салезіянскія спаборніцтвы: сабралася кагорта маладых людзей, якія любілі футбол, хадзілі ў касцёл і ў наш араторый у Мінску і мелі аднолькавыя інтарэсы. Потым мы ўжо развівалі гэтую тэму далей.

— Дык якім чынам футбольны мяч можа дапамагчы маладым людзям стаць святымі?

Уладзіслаў: Ён робіць чалавека лепшым, таму што не робіць яго горшым. Чалавек заняты, фізiчна развіваецца… Нават св. Дамінік Савіо аднойчы сказаў, што, калі б ведаў, што хутка памрэ, гуляў бы далей у футбол. А таксама, як падкрэсліваў і сам кс. Боско, спорт вельмі выхоўвае чалавека. Тое, што вакол футболу, можа дапамагчы стаць святым, а футбол і мяч — гэта вельмі добрая і зручная прылада.

Аляксандр: Магу дадаць толькі, што кожнае спаборніцтва — гэта імкненне да перамогі, перамогі над супернікам, пераадолення сваіх слабасцяў… Толькі такім чынам можна прыйсці да добрага выніку. Канешне, заўсёды ёсць гульня не па правілах, і гэта не выхоўвае. Мы стараемся добра прапісаць правілы. Правілы простыя. І наш футбол адрозніваецца, напрыклад, тым, што нельга ўжываць нецэнзурныя словы. Такая базавая рэч, але не для кожнага хлопца «з вуліцы» гэта норма жыцця. Таму мы стараемся гэта прывіць, прывіць гульню па правілах, паспрыяць самаўдасканаленню гульцоў і каб футбол прыносіў задавальненне і радасць.

Уладзіслаў: І ў нас гэта не проста фармальнасць, якая прапісана, але амаль не рэалізуецца, як, напрыклад, на гульнях FIFA. Гэтае правіла дзейнічае! На гэтую тэму якраз рыхтуецца новы праект sdb.by/news «Чаму “НЕ”?!», у якім вы даведаецеся, чым жа небяспечныя нецэнзурныя словы, мацюканне.

Кс. Павел: Мяч — гэта добры інструмент. Спорт, гульня, фізічныя нагрузкі, супольны час... Ксёндз Боско моцна ў гэта верыў і называў спартыўную пляцоўку барабанам, які склікае моладзь. Таксама барабанам з’яўляецца і гэты турнір, які збірае і веруючых, і няверуючых, і тых, хто павярхоўна ведае Хрыста. I яны, хоць ускосна, трапляюць у гэтую атмасферу. Важна i тое, што ёсць прапановы і па-за футболам. Першае, што заўважна ў салезіян, што кідаецца ў вочы, — гэта мяч. Але далей ёсць шмат прапаноў і працы, што датычыцца менавіта мяча і спорту ў араторыі.

— Смешныя моманты прыгадаеце?

(Улад і Саша смяюцца — заўв. аўт.)

Уладзіслаў: Не ведаю, смешна ці не, але памятаю, аднойчы шукаў свае джынсы па ўсім араторыі. Думаў, што ўжо зімой у шортах дадому пайду. А іх проста нехта перавесіў на іншы кручок. Смяяліся тады. Або вось мы баяліся, каб не разбіць вялікае акно ў зале, тады яшчэ не было абароны на ім. І вось адзін з гульцоў FC Савіо, касцёльны хлопец, трапіў акурат у яго. Яно патрэскалася моцна. Прыйшлося замяніць.

Кс. Павел: Цікава глядзець на араторый. Дзiрка ў сцяне — гэта ад футболу, батарэі цякуць, няма ралетаў на вокнах, лямпы ламаюцца — гэта ўсё ад футболу. З аднаго боку, і шкада, і можа падацца, што мы яго ламаем, але насамрэч гэта сведчыць, што араторый жыве. Можа, менш маладых душ зламаецца. Невялікая цана за душы.

Інтэрв’ю цалкам чытайце на sdb.by

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.