Урачыстасць святога Яна Боско адзначылі ў магілёўскай катэдры |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
01.02.2016 11:01 |
31 студзеня ўвесь салезіянскі свет адзначаў урачыстасць заснавальніка Салезіянскай сям’і, а таксама Айца і Настаўніка моладзі — святога Яна Боско. Акрамя дыяцэзіяльнага клеру, такіх манаскіх супольнасцяў, як дамінікане, францішкане, піяры і кларэтыны, у мінулым годзе па воле Святога Айца да іх далучыўся салезіянін — дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскуп вікарый магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB, які і ўзначаліў урачыстасць. На пачатку святой Імшы біскуп адзначыў: «Ксёндз Ян Боско — адзін са святых, якія маюць пастаяннае і вельмі важнае месца ў гісторыі паўсюднага Касцёла. Менавіта ён — Айцец і Настаўнік моладзі — стаў вядомы як геніяльны педагог, які стварыў новы стыль адукацыйнай сістэмы, якую называюць прэвентыўнай сістэмай выхавання. Запрашаю ўсіх маліцца за нашых дзяцей і моладзь, а таксама за ўсіх, хто адказвае ў нашай краіне за адукацыю, каб дзякуючы розуму, рэлігіі і любові выхоўваць маладое пакаленне нашага грамадства».
У гаміліі іерарх нагадаў гісторыю жыцця святога Яна Боско і яго дзейнасць, а таксама задаў пытанне: «што гэты італьянскі святы з ХІХ стагоддзя можа перадаць нам, людзям ХХІ стагоддзя, якія жывуць ва ўсходняй частцы Еўропы, у Беларусі?».
«Гледзячы сёння на простага п’емонцкага святара, чуеш, як ён нястомна паўтарае для ўсіх нас: “Ідзіце да моладзі! Гэта першае і асноўнае патрабаванне адукацыі. Не чакайце, пакуль маладыя людзі прыйдуць да вас. Вы ідзяце да іх», - дадаў біскуп. На завяршэнне ўрачыстай святой Імшы іерарх сказаў: «Колькі выдатных думак, разважанняў, павучанняў, вельмі сучасных і вельмі важных, перадае нам сёння святы Ян Боско. Скарыстаемся імі і, узбагачаныя ведамі, мужна будзем супрацьстаяць выклікам сучаснасці. Будзем вучыцца прымаць маладых такімі, якімі яны ёсць, і, як святы Ян Боско, перамяняць іх на сапраўдных дзяцей Неба». |
Фотарэпартаж |