Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У парафіі Божага Цела ў Беразінскім адбылася «Калядная вечарына»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.02.2016 11:59

30 студзеня ў парафіяльнай кавярні «Christiana laetitia» («Хрысціянская надзея») у Беразінскім прайшла «Калядная вечарына» з удзелам шматлікіх мясцовых выканаўцаў і запрошаных гасцей.

Заля змясціла каля 75 чалавек, для іх быў зроблены стол з гарбатай і пачастункамі. Гледачы сабраліся не толькі з Беразінскага, але і з навакольных мястэчкаў – з Палачан, Маладзечна, Смаргоні і Мінска, так што зала была запоўнена цалкам. Нягледзячы на недахоп вольных месцаў атмасфера ў кавярні была цёплай і прыемнай, чаму спрыяла добрая падрыхтоўка артыстаў пад кіраўніцтвам Юрыя Бажко, рэжысёра мясцовай студыі гуказапісу.

У канцэрце прымалі ўдзел дарослыя і дзеці. Гучалі песні пра Божае Нараджэнне, Новы год, пра маці, песні-рэтра і рамансы, а таксама некалькі твораў на англійскай і малдаўскай мовах. Выконваліся як новыя для слухачоў, так і вядомыя кампазіцыі.


У сярэдзіне канцэртнай праграмы выступіў дуэт бацькі і сына сям’і Гаўрыс. Удваіх яны гралі на гітарах і спявалі, выканалі кампазіцыі на рускай і англійскай мовах. Было відаць, што сын мэтанакіравана займаецца музыкай, бо ўзровень яго грання адразу ж стаў заўважным. Нягледзячы на тое, што дуэт выканаў толькі дзве кампазіцыі, гэтая музыка кранула сэрцы слухачоў.

На працягу ўсяго канцэрта выступоўцы змянялі адзін аднаго, выконваючы рознахарактарныя эстрадныя песні. Гэта былі людзі розных узростаў, прафесій і канфесій, але ў гэты вечар іх аб’ядналi музыка і Касцёл. Некалькі нумароў, якія падрыхтавалі дзеці, суправаджаліся танцавальнай групай – таксама дзіцячай.


Завяршыўся канцэрт выступленнем гурта «Laudans» з Мінска. Гурт прадставіў сваю калядную праграму, у якую ўвайшлі традыцыйныя калядкі ў сучаснай апрацоўцы (слухачы спявалі іх разам з гуртом) і некаторыя ўласныя кампазіцыі. Фінальнай песняй была «Малюся за цябе, Беларусь», якую можна назваць ужо свайго роду гімнам і аўтарам якой з’яўляецца ініцыятар «Каляднай вечарыны» кс. Сяргей Бараўнёў, пробашч парафіі ў Беразінскім.

Парафіяне былі ўзрушаны канцэртам і дзякавалі ксяндзу Сяргею, які арганізаваў мерапрыемства, выказваліся, што асабліва ім спадабаліся выступленні дзяцей.

Пасля завяршэння канцэрту адбыўся пачастунак, які падрыхтавалі парафіяне.

Рэхам канцэрту сталася пажаданне сустракацца зноў і зноў, каб такім чынам яднацца за песняй і кубкам гарбаты ці кавы, размовай пра вечныя каштоўнасці.

У жніўні ў Беразінскім пройдзе музычны фестываль «Laudato si» («Будзь праслаўлены, Пане»), які кс. Сяргей Бараўнёў плануе правесці ўпершыню.

(BR), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.