«Калі мы не ведаем, як знайсці дарогу да міласэрнага Езуса, нам неабходна звярнуцца да Марыі», — нагадаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда, 11 лютага. Іерарх цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.
Арцыпастыр падкрэсліў у гаміліі, што Марыя «збаўчай моцай свайго Сына можа вылечыць нас ад хваробы цела і душы», таму ў свеце ёсць вельмі шмат прысвечаных Ёй цудоўных месцаў — санктуарыяў, адзін з якіх — Люрд.
Таксама Мітрапаліт дадаў, што 11 лютага адзначаецца Сусветны дзень хворых. «Кожная хвароба — гэта нясенне крыжа Езуса Хрыста. Гэта таксама досвед таго, што хворы становіцца залежным ад іншага чалавека. На хваробу нельга глядзець як на Божую кару, бо яна можа стаць шляхам пошуку Бога і навяртання.
Сусветны дзень хворых нагадвае нам аб малітве ў іх інтэнцыях і абавязку апекі над імі, а таксама адпаведных адносін да іх», — падкрэсліў іерарх.
Арцыпастыр нагадаў, што ў евангельскім аповедзе пра цуд у Кане Галілейскай, дзе Хрыстус перамяніў ваду ў віно, Марыя кажа слугам: «Учыніце тое, што Мой Сын вам скажа». «Гэты голас Марыі гучыць і сёння. Калі мы, як слугі Бога, будзем чыніць тое, што Хрыстус нам кажа, то Ён будзе перамяняць ваду нашага жыцця ў добрае і каштоўнае віно новага жыцця ў надзеі», — сказаў Мітрапаліт.
Іерарх дадаў, што «адной з хранічных хвароб сучаснага хрысціянства з’яўляецца яго падзел». «Езус кажа: будзьце адзінымі, каб свет паверыў. Таму адзінства хрысціян — гэта ўмова таго, каб свет прыйшоў да веры», — адзначыў Мітрапаліт.
У сувязі з гэтым арцыбіскуп нагадаў, што 12 лютага ў Гаване на Кубе адбудзецца першая ў гісторыі сустрэча паміж Рымскім Папам і Маскоўскім Патрыярхам. «Яны, як слугі Хрыста, ідуць за Яго голасам, які кліча да еднасці, каб вылечыць свет ад летаргічнай хваробы абыякавасці да веры, каб хворы свет стаўся духоўна здаровым, каб хрысціяне розных канфесій былі сведкамі Евангелля», — сказаў арцыпастыр.
Мітрапаліт заклікаў удзельнікаў Імшы маліцца аб тым, каб гэтая сустрэча «прынесла як мага больш плёнаў і каб дзякуючы ёй Хрыстус учыніў цуд збліжэння нашых Цэркваў і цуд духоўнага аздараўлення сучаснага свету». (AG)
|