Музычны гурт «Боско-бэнд» выступіў з канцэртам у Бараўлянах |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
12.02.2016 14:45 |
7 лютага ў салезіянскую парафію Маці Божай Успамогі Хрысціянаў і ў араторый св. Дамініка Савіо ў а.г. Бараўляны завітаў музычны гурт «Боско-бэнд» з парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску. Гурт складаецца з дзяцей і моладзі, якія, натхнёныя харызмай святога ксяндза Боско, імкнуцца падзяліцца сапраўднай радасцю, добрым настроем і сваёй любоўю да Хрыста. Падчас канцэрту прагучала шмат спеваў. Некаторыя з іх былі прысвечаны адной з найважнейшых і найдаражэйшых асобаў у жыцці кожнага чалавека — маці. Прысутных чакалі музычныя сюрпрызы ў выкананні Стаса і Даніэля Лазаравых, якія праз гранне на саксафоне і акардыёне падзяліліся сваім імкненнем да харызмы св. Яна Боско.
Прагучала і некалькі музычных кампазіцый, якія распавядалі пра жыццё салезіянскіх святых: Марыі Дамінікі Мадзарэлло і Яна Боско. Заключны спеў быў вельмі чароўны і па-адметнаму зімовы, і праз яго ўдзельнікі гурта, як і праз увесь канцэрт, пажадалі прысутным добрага настрою, а таксама абуджэння ў імкненні да святасці.
Паводле sdb.by (MV) |