13-14 лютага ў салезіянскім араторыі імя св. Яна Боско ў Мінску адбыліся рэкалекцыі «Разважанні аб добрай смерці» (РДС). «А ты гатовы памерці?» — над гэтым пытаннем і не толькі разважалі ўдзельнікі рэкалекцый.
Духоўныя практыкаванні былі прысвечаны тэме «Пост — час асаблівай ласкі». На РДС, адгукнуўшыся на запрашэнне салезіянаў, прыбылі каля трыццаці маладых людзей з розных куткоў Беларусі. Адказнымі за падрыхтоўку сустрэчы былі кс. Іван Огар SDB і с. Тэрэза Сальнічэк FMA. 
Рэкалекцыі пачаліся гульнёй, якая паказала, як важна правільна знайсці бяспечны шлях, каб дасягнуць канчатковай мэты — вечнага жыцця, не патануць у багне і спакусах гэтага свету. Потым адбылася канферэнцыя кс. Станіслава Краўчанкі SDB, якая нанова адкрыла для сабраных практычнае значэнне посту. Як адзначыў святар, пост — гэта час адрачыся ад непатрэбнага і таго, што крадзе час, звярнуць увагу на малітву, міласціну, учынкі пабожнасці і любові, а таксама выхоўваць устрыманасць. Пост, дадаў святар, дае добрую магчымасць развіць больш глыбокія адносіны з Богам і з бліжнім.
Першы дзень рэкалекцый скончыўся ўласным разважаннем падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Другі дзень даў удзельнікам магчымасць пазнаваць Божае слова з дапамогай духоўнай практыкі «Lectio Divina». Падчас «пустыні» — часу для асабістага разважання ў цішыні — была магчымасць падумаць аб значэнні посту, прынятых пастановах і проста суцішыць сваё сэрца.

Кульмінацыяй дня стала святая Імша, на якой удзельнікі РДС разважалі над пастырскім пасланнем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост. Рэкалекцыі па традыцыі завяршыліся абедам і падвядзеннем вынікаў.
Паводле www.sdb.by
(AG) Фота www.sdb.by
|