17 лютага Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў у межах пастырскай візітацыі касцёл святых Сымона і Алены ў Мінску.
Іерарх узначаліў у касцёле святую Імшу. У гаміліі арцыпастыр засяродзіў увагу вернікаў на Евангеллі серады першага тыдня Вялікага посту, якое распавядае, як слухачы Езуса патрабавалі ад Яго знаку, што Ён сапраўдны Месія. Яны задавалі гэтае пытанне пасля цуду аздараўлення нямога чалавека, які знаходзіўся пад уладай д’ябла.
«Усе мы добра ведаем, што такое знак. Мы бачым знакi на вулiцы, на дарозе, у будынках. Яны дазваляюць нам штосьцi рабiць або забараняюць. Ад знакаў вельмi шмат залежыць у нашым жыццi», — дадаў Мітрапаліт.
Аднак Езус, адказваючы на пытанне, сказаў, што ніякага іншага знаку, акрамя знаку Ёны, не будзе дадзена ім, звярнуў увагу арцыбіскуп. Іерарх патлумачыў, што Хрыстус учыніў так з дзвюх прычын. Першая — «пытанне пра новы знак азначае, што людзі не прымалі Яго боскага аўтарытэту, дзякуючы якому Ён чыніў цуды і выбаўляў людзей з моцы д’ябла, а таксама не разумелі Яго місіі». Яны «жылі паводле прынцыпу: фамільярнасць з кімсьці вядзе да яго непашаны». Другая прычына, па словах Мітрапаліта, — «Езус добра ведаў, што веруючым у Яго не патрэбны ніякі знак, а для няверуючых ні адзін знак не будзе дастаковым».
Нягледзячы на гэта, працягваў арцыпастыр, «Езус дае адказ: што гэтым знакам з’яўляецца прарок Ёна, якога Бог паслаў у грэшную Нініву і які здолеў пераканаць яе жыхароў навярнуцца, пасля чаго Бог захаваў іх ад знішчэння». Гэта быў той самы Ёна, які тры дні знаходзіўся ўнутры кіта і застаўся жывым, нагадаў Мітрапаліт. Менавіта гэта знак, які Езус абяцаў сваім слухачам: ён азначае смерць і Уваскрасенне Хрыста, хаця ў сённяшнім Евангеллі Езус распавядае пра навяртанне жыхароў Нінівы, сказаў іерарх.
«Заклік да навяртання – гэта праграма Вялікага посту. Гэта заклік паглядзець на сябе і сваё жыццё ў святле Евангелля і вучэння Касцёла. Само слова “навяртанне” азначае змену напрамку жыцця, — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Мінулае прайшло. Завяршыўся Стары Запавет. З Хрыстом настаў новы час ласкі і збаўлення. Гэты час нясе шмат знакаў, таксама і ў нашай краіне. Гэтым знакам з’яўляецца і Чырвоны касцёл. У савецкія часы ён выкарыстоўваўся ў свецкіх мэтах, але Божай моцай ізноў стаў месцам сустрэчы чалавека з Богам».
«Не трэба чакаць якіхсьці іншых знакаў, каб спаткаць Бога, але трэба ісці сюды, — падкрэсліў Мітрапаліт. — Калі хтосьці чакае чагосьці магічнага, то ён можа і размінуцца з Богам, які знаходзіцца побач».
Таму, дадаў арцыпастыр, «сёння мы павінны задаць сабе пытанне: які знак я чакаю ад Бога? Ці магу паверыць у Яго любоў без асаблівага знаку з Яго боку?» «Няхай дапамогай у адказе на гэтае пытанне будуць словы аднаго вязня канцэнтрацыйнага лагеру, напісаныя крывёй: “Я веру ў сонца, нават тады, калі яно не свеціць. Я веру ў любоў, нават тады, калі яе не адчуваю. Я веру ў Бога, нават калі Ён маўчыць”», — пажадаў арцыбіскуп. (DN), (AG)
|