Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Духавенства Магілёўшчыны сабралася для супольнай малітвы ў Асіповічах
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
18.02.2016 12:50

17 лютага адбылася чарговая пастырская сустрэча духавенства Магілёўскага рэгіёну — гэтым разам у парафіі Божай Міласэрнасці ў Асіповічах (Бабруйскі дэканат).

Напачатку сустрэчы а. Натанаэль Войтала OFM прывітаў гасцей і распавёў пра гісторыю парафіі, якую ён узначальвае.

Пасля з канферэнцыяй да прысутных звярнуўся кс. Андрэй Далянскі, духоўны айцец Магілёўскага рэгіёну, які ў сваім выступленні звярнуў асаблівую ўвагу на абавязак абвяшчэння Божага слова.

«Гэта – галоўнае заданне святара, духоўнай асобы... Езус даручае вучням заданне – ідзіце і абвяшчайце Евангелле!.. Святы Павел кажа ў адным са сваіх пасланняў: Хрыстус не паклікаў мяне, каб хрысціў, але каб абвяшчаў Добрую Навіну», — падкрэсліў кс. Андрэй.

«Недастаткова пабудаваць святыню, нават базыліку: без абвяшчэння Божага слова – без гэтага ўсе нашыя пачынанні не будуць мець сапраўднай вартасці», — заўважыў святар.

«Як павінна выглядаць наша гамілія, казанне? Канешне, ёсць розныя спосабы, але, без сумненняў можна сказаць, што яны не могуць быць "халоднымі", абыякавымі да жыццёвых праблем, але [яны павінны] адказваць на самыя важныя пытанні... І, напэўна, не зашкодзяць у нашым абвяшчэнні цярплівасць адносна вернікаў і чуласць, каб дастукацца да сэрца і розуму кожнага чалавека», – сказаў духоўны айцец.

Святую Імшу, на якую сабраліся таксама шматлікія парафіяне, узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. У слове прывітання іерарх выказаў радасць з прысутнасці вернікаў, «бо гэта добрая магчымасць убачыць і пачуць, што мы, святары, не толькі павучаем сваіх вернікаў, заахвочваем іх да навяртання, але і самі вучымся і таксама імкнёмся да праўдзівага навяртання праз пастырскія сустрэчы».

«Дарагія святары, кансэкраваныя асобы, я рызыкну сказаць, што ў нашым жыцці, жыцці супольнасцяў, мы павінны зноў "прыняць" Біблію. Яна павінна стаць нашым штодзённым чытаннем, тлумачэннем нашых паводзінаў і крыніцай атрымання ведаў пра Бога», — сказаў біскуп у гаміліі.

«Варта падумаць і нам, дарагія святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, ці некаторыя словы, выбраныя папрокі, адрасаваныя Езусам да сваіх вучняў ці іншых слухачоў, не падыходзяць таксама і да нас. Ці не адносіцца тэрмін "крывадушнікі, якія падманваюць сябе", да нашых паводзінаў, калі мы абмяжоўваем нашае паняцце "евангельскае сведчанне" толькі касцёлам, а ў паўсядзённым жыцці нашыя дзеянні з’яўляюцца, па сутнасці, адмовай Евангелля? А магчыма, мы патрабуем, каб іншыя — моладзь, нашы вернікі — былі дасканалымі, а асабіста не надаём належнай увагі сваёй фармацыі?» — дадаў іерарх.

«Без слоў Евангелля Касцёл не мае нічога, каб прапанаваць свету. Учытванне і ідэнтыфікаванне сябе з тэкстам характарызавала Францішка Асізскага, ксяндза Боско, Айца Піо, Маці Тэрэзу, Папу Яна Паўла II і шматлікіх нашых святых заснавальнікаў. А ці характарызуе гэта таксама і мяне?» — завяршыў гамілію біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёну.

Пасля святой Імшы адбыўся супольны абед, затым прайшло абмеркаванне некаторых бягучых спраў, звязаных з функцыянаваннем душпастырства ў Магілёўскай вобласці.


Наступная пастырская сустрэча плануецца ў Вялікі чацвер, 24 сакавіка, а 11-й гадзіне ў магілёўскім катэдральным касцёле.

Кс. Андрэй Кеўліч, фота сястры Наталлі ОР. (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.