Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Быць людзьмi малiтвы ў Святым Духу i вучыць гэтаму Божы народ»: пастырская сустрэча духавенства архідыяцэзіі прайшла ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
18.02.2016 15:59

18 лютага ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску адбылася пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Святую Імшу ў межах пастырскай сустрэчы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Арцыбіскуп адзначыў у гаміліі, што чытанне Евангелля гэтага дня звяртае ўвагу на малiтву. «Звычайна людзi лiчаць нас, святароў i кансэкраваных асобаў, людзьмі малiтвы, i мы такiмi павiнны быць. Але адначасова мы павiнны быць i настаўнiкамi малiтвы для нашых вернiкаў», — сказаў іерарх.

«Найчасцей наша малiтва, як i малiтва іншых людзей, — гэта малiтва, у якой мы просiм Бога аб чымсьцi», — дадаў Мітрапаліт і разам з тым прапанаваў удзельнікам сустрэчы падумаць над пытаннем: «а колькi разоў Бог выслухаў нашы малiтвы?»

«У той жа час Езус кажа: прасiце, i вам будзе дадзена, шукайце i знойдзеце, стукайце, i будзе адчынена, — працягваў арцыпастыр. — I мы просiм, шукаем i стукаем, але вельмi рэдка атрымлiваем, рэдка знаходзiм i не заўсёды нам з радасцю адчыняюць дзверы. Гэта наш штодзённы досвед, праўда нашага жыцця, хоць мы з ёю не заўсёды жадаем прымiрыцца». Мітрапаліт паставіў пытанне: цi азначае гэтая праўда, што Езус раздае дарэмныя абяцаннi?

«Напэўна, не. Ён выразна кажа, што наш нябесны Айцец дае нам толькi добрыя рэчы, падобна таму, як наш зямны бiялагiчны айцец не дасць нам камень, калi мы просiм хлеба, або змяю замест рыбы, — сказаў іерарх. — Праблема ў тым, чаго мы просiм». Нездарма, нагадаў Мітрапаліт, апостал Павел у Пасланнi да Рымлянаў кажа, што без дапамогi Святога Духа мы не ведаем, чаго просiм. «Таму кожная наша малiтва, якая не ад Святога Духа, не будзе выслухана Богам», — дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Евангелле вельмi ясна вучыць, адзначыў Мітрапаліт, што Езус «заўсёды малiўся ў Святым Духу»; аднак i Ён «заставаўся чалавекам i падчас агонii прасiў свайго нябеснага Айца забраць ад Яго келiх цярпенняў». Аднак, молячыся так, Езус, натхнёны Святым Духам, адразу дадаў: няхай будзе Твая воля, звярнуў увагу арцыбіскуп.

Мітрапаліт падкрэсліў, што гэта «прыклад сапраўднай малiтвы: заўсёды казаць нашае “Амэн” Богу, згаджацца з Яго воляй», і «толькi тады Бог адкажа на нашы просьбы».

«Мэта нашага жыцця – дасягненне святасцi. На гэтым шляху мы павiнны памятаць аб прынцыпе, выказаным словамi святога Яна Хрысцiцеля пра Езусе Хрыста: Ён павiнен узрастаць, а я памяншацца. Гэты прынцып кажа нам, што ў нас павiнен памяншацца чалавек з яго грахамi, а ўзрастаць Езус сваёй ласкай», — патлумачыў арцыпастыр.

Таксама, дадаў іерарх, «малiтва павiнна быць напоўнена духам пакоры». Мітрапаліт падкрэсліў, што ў працэсе духоўнага ўдасканальвання малiтва адыгрывае вельмi важную ролю, і «нельга iсцi шляхам святасцi без якара малiтвы ў штодзённым прабываннi на ўзбураным акiяне сучаснасцi».

«Бог прызначыў нам сваю мiсiю – абвяшчаць Яго i весцi людзей шляхам збаўлення. Мы не можам даць камусьцi таго, чаго самі не маем; не можам навучыць кагосьцi таму, чаго самі не ведаем. Падобна i з выкананнем нашай мiсii: без iмкнення да святасцi мы не можам весцi іншых гэтай дарогай. Сляпы не можа весцi сляпога», — заўважыў арцыбіскуп.

«Таму нам неабходна быць людзьмi малiтвы ў Святым Духу i гэтаму вучыць людзей, каб, просячы Бога згаджацца з Яго воляй, праз малiтву i iмкненне да дасканаласцi выканаць давераную нам Богам мiсiю», — нагадаў Мітрапаліт святарам і кансэкраваным асобам.

«Дзякуем Табе, Божа, што паклiкаў нас да такой адказнай мiсii. Праз свайго Духа Святога будзь заўсёды з намi, каб наша малiтва была прыемнай Табе i каб мы з даручаным нам Божым народам самi iмкнулiся да святасцi i дапамагалi iншым на гэтым шляху», — гэтыя словы прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч напрыканцы гаміліі.

Наступная пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў архідыяцэзіі пройдзе ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вялікі чацвер пасля святой Iмшы асвячэння алеяў, якая адбудзецца ў 10.00.

Пасля Імшы адбыўся разгляд бягучых справаў, інфармаванне аб будучых падзеях, а таксама абмеркаванне сустрэчы Папы Францішка з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, якая прайшла 12 лютага на Кубе.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.