20 лютага Місія «Чыстае сэрца» правяла традыцыйнае спартыўнае зімовае свята для так званых складаных падлеткаў. Школьнікі са сталічных навучальных устаноў выйшлі на старт разам з дзецьмі са складаных сем’яў і тымі, хто пайшоў не па правільным шляху.
У сувязі з тым, што не было добрага снегу для правядзення лыжнай гонкі, ужо традыцыйнае свята вырашылі не адмяняць, а правесці крыху ў іншым фармаце. У гэтым годзе моладзь змагалася ў перацягванні канату, спаборніцтвах па дартсе, эстафеце.
Сабраных парадавалі паказальныя выступленні супрацоўнікаў воінскіх спецпадраздзяленняў, удзельнікаў клуба гістарычнай рэканструкцыі, аб’яднання па інтарэсах «Мотатэхніка» і выступленне тэатра вогненнага і неонавага шоў «Элементаль». На працягу дня кожны жадаючы мог паспрабаваць кашы на палявой кухні.
Мерапрыемства было арганізавана сумесна са Спецыялізаваным ліцэем МУС пры падтрымцы адміністрацыі Партызанскага раёна на базе гімназіі №5. Галоўная мэта такіх спаборніцтваў – паказаць маладым людзям, што яны могуць праводзіць вольны час з карысцю, а ўсяму грамадству паказаць, што гэта не цяжкія падлеткі, а проста дзеці, якія маюць патрэбу ва ўвазе.
Па традыцыі падтрымаць місію, а галоўнае падлеткаў, прыбыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «Калі чалавек прымае ўдзел у спартўных мерапрыемствах, ён вучыцца, як гэта – імкнуцца да перамогі, якім чынам камусьці дапамагчы. Але ён сам вучыцца, як і прайграваць, таму што на памылках вучацца», − адзначыў іерарх у інтэрв’ю тэлеканалу ОНТ.
З прамовай да ўдзельнікаў звярнуліся і іншыя шаноўныя госці, у тым ліку сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Лондане, заслужаны майстар спорту Аляксандра Наркевіч.
Свята атрымалася не толькі цікавым, але і карысным для цела і духу падрастаючага пакалення.
Паводле serca.by
(AG)
|