Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мінскую парафію Божага Цела наведаў у межах пастырскай візітацыі біскуп Юрый Касабуцкі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.02.2016 14:52

24 лютага ў мінскай парафіі Божага Цела адбылася кананічная пастырская візітацыя. Парафію наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Айцы кармэліты босыя, якія служаць у парафіі, разам з парафіянамі прывіталі біскупа на парозе святыні. Пасля малітвы за архідыяцэзію і яе пастыраў пробашч а. Сяргей Трысцень OCD прадставіў справаздачу аб развіцці і дзейнасці парафіі. Кармэліт нагадаў, што парафія Божага Цела была заснавана кардыналам Казімірам Свёнткам у 2005 годзе, калі Каталіцкі Касцёл перажываў душпастырскі Год Эўхарыстыі. Прагненнем кардынала і святарскай рады Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі было заснаванне парафіі Божага Цела, як вотум беларускага народа за дар Эўхарыстыі. Справа арганізацыі і рэгістрацыі парафіі была даручана тагачаснаму дэкану Серабранкаўскага дэканату кс. Ігару Лашуку.

18 студзеня 2007 года парафія Божага Цела прайшла дзяржаўную рэгістрацыю і была перададзена пад душпастырскую апеку айцам кармэлітам босым. У 2011 годзе яна атрымала зямельны надзел пад будаўніцтва касцёла па вул. Герасіменкі, а ў 2012 годзе была пабудавана і асвечана Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскуп Тадэвушам Кандрусевічам капліца Маці Божай Шкаплернай. На дадзены момант вядуцца праектныя працы над касцёлам Божага Цела і душпастырскім цэнтрам пры ім. Плануецца ў бліжэйшы час прайсці экспертызу і пачаць будаўніцтва вышэйузгаданага аб'екта.

На сённяші дзень парафія налічвае некалькі тысячаў католікаў, з якіх каля тысячы актыўных вернікаў, што прынамсі некалькі разоў у год прымаюць удзел у набажэнствах. Яна ахоплівае мр-н вул. Ангарская, мр-ны Дражні і Сцяпянкі, частку Аўтазавода, Паўночны пасёлак, в. Сціклева і Сосны. У гэтым годзе падчас душпастырскіх візітаў святары наведалі больш за 400 сем'яў парафіі.

З моманту заснавання парафіі ў парафіяльных кнігах зарэгістравана 183 хросты, 81 канфірмацыя, 60 шлюбаў, 36 дзяцей прыступіла да Першай святой Камуніі.


Сярод вернікаў парафіі ёсць розныя ўзроставыя групы: ад дзяцей да людзей старэйшага ўзросту. Асаблівай надзеяй парафіі з'яўляюцца маладыя сем'і і дзеці, якімі ў апошнія гады папаўняецца раён. Айцы кармэліты босыя стараюцца ахапіць душпастырскай апекай кожнага чалавека. У гэтым ім дапамагаюць сёстры Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля, якія ўжо на працягу некалькі гадоў дапамагаюць пры катэхізацыі дзяцей і моладзі, а таксама група свецкіх людзей, якія прайшлі і праходзяць адпаведную да гэтага падрыхтоўку.

Пры парафіі існуюць розныя малітоўныя, апостальскія і душпастырскія групы, такія, як «Дзеці Марыі», «Легіён Марыі», «Жывы Ружанец», Апостальства дапамогі душам чыстцовым, «Сужэнскія сустрэчы», Брацтва св. шкаплера, групка дзялення Божым словам, хор, лектары, служба алтара. Таксама гонарам парафіі з'яўляецца група Свецкага ордэна кармэлітаў, якія асаблівым чынам падзяляюць з айцамі кармэлітамі спадчыну вялікіх святых Кармэлю.

Пасля ўрачыстага прывітання біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў святую Імшу. У гаміліі пастыр нагадаў пра значэнне Вялікага посту ў жыцці хрысціяніна, засяродзіўшы ўвагу на тым, што Вялікі пост – асаблівы час для навяртання. Вынікам нашага асабістага навяртання, між іншым, з'яўляецца служэнне бліжняму, адзначыў іерарх.


Біскуп нагадаў словы Езуса Хрыста, якія Ён скіраваў да сваіх вучняў: «Хто хацеў бы стаць сярод вас вялікім, няхай будзе слугою вашым. А хто хацеў бы стаць першым, няхай будзе нявольнікам вашым». Такім чынам, служба бліжняму з'яўляецца заданнем кожнага хрысціяніна, падкрэсліў іерарх. Біскуп дадаў, што ў жыцці Касцёла мы можам убачыць шмат прыгожых прыкладаў служэння і сярод славутых святых, і сярод нашых сучаснікаў – святароў, манахінь і свецкіх людзей, якія ўсё сваё жыццё прысвячаюць Богу праз служэнне патрабуючым. Часта спакусай і перашкодай на гэтым шляху з'яўляецца грэх пыхі, якая не дазваляе ўбачыць патрэбы нашых бліжніх; таму Езус дае нам прыклад пакоры і любові і заахвочвае наследаваць Яго на гэтым шляху, адзначыў біскуп.

Пасля Імшы адбылася пастырская сустрэча і прэзентацыя малітоўных і апостальскіх груп і супольнасцяў, якія паўсталі за час існавання парафіі. Біскуп Юрый Касабуцкі параўнаў багацце шматлікіх супольнасцяў у парафіі да кветніка, які радуе вока пералівам розных колераў вясёлкі.


На заканчэнне сустрэчы парафіяне атрымалі пастырскае благаслаўленне і выразілі жаданне часцей сустракаць біскупаў на парозе парафіяльнай святыні.

А. Сяргей Трысцень OCD, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.