20-21 лютага ў салезіянскім араторыі імя св. Яна Боско ў Мінску адбылася сустрэча на тэму паклікання «ProVocatio» для хлопцаў узростам ад 15 гадоў. Сустрэча была другой з чатырох запланаваных на бягучы навучальны год.
Маладыя людзі працягвалі разважаць на важныя для мужчыны і святара тэмы: «Пяць сакрэтаў сапраўднага мужчыны», «Сям’я, як асяроддзе, у якім мы расцём», «Адрозненні паміж дыяцэзіяльным святаром і манахам», «Lectio divina». Сабраныя разам маліліся — неад’емнай часткай кожнага дня была святая Імша, разам гулялі, разам разважалі над сваёй будучыняй.
На сустрэчу, адгукнуўшыся на запрашэнне салезіян, прыбылі каля 20 юнакоў з Бараўлян, Смаргоні, Баранавіч, Дзятлава і Мінска. Адказвалі за падрыхтоўку сустрэчы кс. Іван Огар SDB і кс. Станіслаў Краўчанка SDB. Ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB падрыхтаваў для юнакоў канферэнцыю на адну з запланаваных тэм.
Сустрэча пачалася цёплым, сяброўскім прывітаннем. Затым псіхолаг Таццяна Лазарава выступіла з канферэнцыяй. Разам з ёй маладыя людзі паглядзелі адмысловы фільм на тэму «Пяць сакрэтаў сапраўднага мужчыны» і абмеркавалі яго, дзелячыся разважаннямі. «Думай глабальна, дзейнічай унікальна!» — гэтую думку з фільма хлопцы палічылі найбольш важнай. Затым, пасля малітвы Вяночка да Божай Міласэрнасці, яны згулялі некалькі таймаў у футбол і хакей. Перад сном хлопцаў чакаў прагляд цікавага фільма пад назвай «Трэнер» і, канешне, салезіянскае «слоўка на дабранач».
Другі дзень разважанняў аб пакліканні быў больш спакойным. Удзельнікі пазнавалі Божае слова з дапамогай духоўнай практыкі «Lectio Divinа». Падчас «пустыні» — часу для асабістага разважання ў цішыні — маладыя людзі мелі магчымасць знайсці адказ на пытанне «хто я?», проста суцішыць сваё сэрца і падрыхтавацца да святой Імшы.
Рэкалекцыі па традыцыі завяршыліся абедам і падвядзеннем вынікаў.
Наступная сустрэча на тэму паклікання пройдзе 30 сакавіка – 1 мая. На яе запрошаны хлопцы, якія задумваюцца аб святарскім альбо манаскім пакліканні, асабліва салезіянскім. Узрост удзельнікаў ад 15 гадоў.
Па ўсіх пытаннях можна звяртацца да адказнага за Прэнавіцыят «Таварыства св. Францішка Сальскага» ў Беларусі кс. Івана Огара SDB па тэлефоне:
+375 29 691 02 22
Паводле www.sdb.by
(AG) Фота www.sdb.by
|