Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
За Мікалая Крыштафа Радзівіла (Сіротку) памаліліся ў Нясвіжы ў 400-годдзе яго смерці
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.02.2016 03:20

26 лютага ў парафіі Божага Цела ў Нясвіжы адбылася малітва ў 400-ю гадавіну смерці Мікалая Крыштафа Радзівіла (Сіроткі) — фундатара нясвіжскага касцёла і вакольных святынь. Эўхарыстыю, на якой прысутнічаў сучасны нашчадак вядомага роду, а таксама мясцовыя вернікі і госці, цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Праз малітву ўдзельнікі Імшы дзякавалі Богу за дар гэтага чалавека для Нясвіжа і ўсёй Беларусі.

Мянушка «Сіротка» з’явілася ад таго, што падчас аднаго прыёмаў, калі ўсе бавіліся, малы Мікалай Крыштаф Радзівіл заставаўся адзін у пакоі, як быццам сірата, і моцна плакаў.

Мікалай Крыштаф Радзівіл нарадзіўся ў 1549 г. у Чмелюве ў Польшчы ў кальвінісцкай сям’і. Атрымаў добрую адукацыю ў нясвіжскай пратэстанцкай школе, затым доўга вучыўся за мяжой. У 1566 г. прыняў каталіцкую веру, падтрымліваў Папу і адчыняў раней зачыненыя яго бацькам касцёлы. Будаваў кляштары, у тым ліку грэка-каталіцкі недалёка ад Нясвіжа, дарогі і шпіталі, развіў дабрачынную дзейнасць, апекаваўся беднымі студэнтамі. Адыграў вялікую ролю ў грамадскім і палітычным жыцці таго часу. З яго іменем звязана будаўніцтва Нясвіжскага замка, гарадской ратушы, кляштара бэнэдыктынак, Слуцкай брамы і іншых.



У гаміліі падчас святой Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч паразважаў над чытаннем Евангелля з пятніцы II нядзелі Вялікага посту. У ім Езус нагадвае прыпавесць пра гаспадара вінаградніка і вінаградараў, якім ён аддаў у арэнду вінаграднік. Вінаградары былі несумленнымі і забілі слуг гаспадара і нават ягонага сына. Езус спытаў сваіх слухачоў: што зробіць гаспадар з несумленнымі вінаградарамі? Яны адказалі, што вінаградараў пакарае смерцю, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час. На што Езус ім сказаў, што адкінуты будаўнікамі камень стане вуглавым.

«Нагадваючы аб вуглавым камені і яго значэнні, Езус прадказваў сваё Уваскрасенне. Яго не прынялі, нават укрыжавалі. Ён — гэта адкінуты камень. Але дзякуючы пасхальнай таямніцы сваёй смерці і Уваскрасення Ён стаўся вуглавым каменем Касцёла», — патлумачыў Мітрапаліт.



Кажучы пра Мікалая Крыштафа Радзівіла, фундатара шэдэўра сакральнага мастацтва — касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, — іерарх адзначыў: «У пэўным сэнсе ён стаўся адкінутым ад Каталіцкага Касцёла каменем, бо нарадзіўся ў кальвінісцкай сям’і і выхоўваўся ў духу пратэстантызму. Цяжка ўявіць, што, належачы да багатай сям’і пратэстантаў Радзівілаў, ён можа змяніць сваю веру. Аднак гэта сталася».

«Гэта быў той цуд, які ўчыніў Пан. І адкінуты камень стаўся вуглавым, аб чым сведчыць гісторыя Нясвіжа з яго славутым замкам і сакральнымі будынкамі, якія ён фундаваў, у тым ліку і касцёл Божага Цела. Менавіта гэты касцёл адыграў вялікую ролю ў захаванні і распаўсюджванні веры ў часы ганенняў», — дадаў арцыпастыр.

Чалавек вялікай веры, міласэрнасці, пакуты і малітвы

Напрыканцы Імшы сучасны прадстаўнік знакамітага роду Мацей Радзівіл, звяртаючыся да ўсіх прысутных, адзначыў, што Мікалай Крыштаф Радзівіл быў чалавекам вялікай веры, міласэрнасці, пакуты і малітвы.

Мацей Радзівіл дадаў, што бацька Крыштафа, Мікалай Радзівіл Чорны, таксама быў чалавекам вялікай веры, аднак ён знайшоў прыстанак у пратэстантызме, а яго сын абраў іншы шлях — падчас крызісу ў Каталіцкім Касцёле ён прыняў рашэнне яго аднаўляць, а не пакінуць.

«І гэтая святыня — выраз яго прыгожай веры», — заўважыў Мацей Радзівіл.



Нашчадак Радзівілаў дадаў, што ў жыцці яго славутага продка найвялікшай каштоўнасцю была Эўхарыстыя, пра што сведчыць дадзеная нясвіжскай святыні назва — касцёл Божага Цела.

Таксама Мацей Радзівіл звярнуў увагу на барэльеф з выявай Мікалая Радзівіла Сіроткі, на якім вялікі князь схіліўся ва ўбранні пілігрыма ў малітоўнай паставе да незвычайнага алтара, дзе паламаныя калоны трымаюць анёлы. Гэтыя калоны якраз і з'яўляюцца сімвалам таго крызісу, які перажываў Каталіцкі Касцёл, за які змагаўся Мікалай Крыштаф Радзівіл.



Фундатар касцёлаў у Нясвіжы, Чарнаўчыцах, Міры, Свержані і інш., віленскі ваявода, пісьменнік, вялікі чалавек з роду Радзівілаў адышоў да Нябеснага Валадарства напрыканцы зімы, 28 лютага. На двары тады быў 1616 год, час, калі за спіною былі шматлікія падзеі, якімі вядомы гэты Радзівіл.

Напрыклад, у палітычным змаганні вакол складання Люблінскай уніі (1569 год) Мікалай Крыштаф зацята бараніў самастойнасць роднага краю і выступаў супраць перадачы ў склад Польскага каралеўства земляў Падляшша, Валыні, Брацлаўшчыны і Кіеўшчыны.

Ваяр і дыпламат дамаўляўся пра абранне новых каралёў, шмат ваяваў — разам са Стэфанам Баторыем вызваляў Полацк і быў там цяжка паранены, займаў самыя высокія дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім.

Не забываўся і пра Божыя справы — вандраваў тры гады па Італіі і ў Святую Зямлю, сваё падарожжа апісаў у кнізе «Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую Зямлю» на лацінскай мове. Падтрымаў вялікую справу Берасцейскай уніі, каб дасягнуць еднасці хрысціян усходняга абраду са Святым Айцом у Рыме.

Па ягонаму хадайніцтву Нясвіж атрымаў магдэбургскае права.

Цікава прыгадаць, што князь быў не толькі фундатарам, але часам і прымаў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве святынь. Напрыклад, у 1593 годзе Мікалай Радзівіл разам з сям’ёй і дворам насілі вапну і цэглу падчас будаўніцтва капліцы, якая ў выніку паўстала за 10 дзён працы і была адной з улюбёнейшых пабудоў князя.

Радзівілаўскія прасторы дагэтуль здзіўляюць сваёй веліччу і прыгажосцю, калі нават і не пабудовы аглядаць, а сузіраць прыдарожныя сосны, якімі ўпрыгожана дарога, што вядзе ў сталіцу колішніх некаранаваных уладароў Рэчы Паспалітай «абодвух народаў», напрыклад, з боку Гарадзеі.

Гэтыя мясціны прывабліваюць як гасцей з замежжа, так і саміх беларусаў. Сам нашчадак знакамітага роду Мацей Радзівіл падзяліўся, што прыязджае ў Нясвіж некалькі разоў на год:


«Упершыню я прыехаў у Нясвіж у 1989 годзе, калі тут служыў кс. Гжэгаж Каласоўскі. І з таго часу я з'яўляюся частым госцем. Прыязджаю часта адзін, а часамі са сваім кузэнам Мікалаем, з маімі дзецьмі ці іншымі членамі нашай сям'і. Маім любімым месцам у Нясвіжы з'яўляецца касцёл Божага Цела. Гэта хіба найпрыгажэйшы будынак ва ўсёй Беларусі, які вельмі моцна звязаны з нашай сям'ёй, асабліва з Мікалаем Крыштафам Радзівілам. Гэты касцёл напоўнены сімваламі, прыгажосцю, поўніцца вераю Мікалая Крыштафа».


Адзін з нашчадкаў роду Радзівілаў вучыцца на святара

Услед за Мікалаем Крыштафам Радзівілы сённяшняга дня таксама вызнаюць каталіцтва, і, як падзяліўся Мацей Радзівіл, адзін з яго пляменнікаў, сын брата, вырашыў абраць святарскі шлях і паступіў у духоўную семінарыю.

Такім чынам, гісторыя не стаіць на месцы. Усё мае свой працяг, сваё развіццё, аднак, як заўважыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, не можа ўзрастаць без каранёў.

А гісторыя роду Радзівілаў — гэта моцныя карані, на якіх трымаецца народ, яго шляхетная і годная душа, моцная сувязь з хрысціянствам, якое Радзівілы стараліся прынесці і паглыбіць. Адкрыць для сябе і для сваёй краіны веліч Хрыстовай навукі і міласэрнасці, веліч Божага слова, розуму і прыгажосці веры.

(AG), (AYU), (AlG)

 

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.