У катэдральнай парафіі Магілёва прайшла біскупская візітацыя |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
29.02.2016 10:51 |
25 лютага парафіяне і духоўныя асобы парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве шчыра віталі дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB, які пачаў у парафіі кананічную біскупскую візітацыю. Апошні раз падобнае ў супольнасці адбывалася 8 лістапада 2012 г., калі парафію «візітаваў» Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На святой Імшы з нагоды пачатку візітацыі біскуп Аляксандр Яшэўскі падкрэсліў: «Прыбываю да вас у імя Пана не як той, хто правярае, а як той, хто хоча глыбей пазнаць вас і рэчаіснасць катэдральнай парафіі, каб аднаўляць духоўнае жыццё і дапамагаць сваім прыкладам, сваёй малітвай, сваім словам і пастырскім досведам. Біскупская візітацыя патрабуе ад нас адкрытасці і шчырасці, а таксама разумення сумеснай адказнасці за містычнае Цела Хрыста — Касцёл. Толькі разам мы можам умацоўвацца ў веры і быць дзейснымі сведкамі Бога ў нашым асяроддзі». Іерарх таксама прыгадаў сваю сардэчную сустрэчу і размову з Уладыкам Сафроніем, праваслаўным біскупам Магілёўска-Мсціслаўскім. У першы дзень пасля Імшы прайшла сустрэча з касцёльным камітэтам магілёўскай катэдры, падчас якой былі абмеркаваны некаторыя справы, звязаныя з мінулым, сучаснасцю і будучыняй катэдральнай парафіі.
Другі дзень візітацыі, 26 лютага, таксама быў вельмі насычаны, тым больш што біскуп Аляксандр Яшэўскі адзначаў у гэты дзень свае імяніны. Павіншаваць іерарха прыехалі святары і кансэкраваныя асобы з Магілёўскага і Бабруйскага дэканатаў, а таксама некаторыя святары з Мінска, кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч і кс. Раман Факсінскі. Пасля святочнага абеду біскуп прыняў шчырыя віншаванні ад мясцовых вернікаў. Разважанні на вечаровай святой Імшы былі засяроджаны на прыпавесці пра вінаграднік і вінаградараў. «Гэтай прыпавесцю Езус аб’яўляе нам сваю збаўчую смерць, — сказаў іерарх. — Найбольш узрушвае тое, што клопат пра збаўленне чалавецтва быў добра прадуманы і запланаваны на працягу многіх стагоддзяў і падрабязна апісаны ў Старым Запавеце на шматлікіх старонках, а таксама схаваны ў сэрцы Бога. Дабравольна аддацца ў рукі людзей, даць свой апошні подых за чалавецтва і ўваскрэснуць з мёртвых, каб апраўдаць нас і ў паўнаце прымірыць з Богам. Таму паўтараем кожны дзень без стомы: я люблю Цябе, Пане, і давяраю бязмежна». У праграме трэцяга дня візітацыі былі прадугледжаны сустрэчы з парафіяльнымі супольнасцямі: «Легіён Марыі», «Легіён Марыі для дзяцей», «Маці ў малітве», «Супольнасць благаслаўлёнай Баляславы Лямэнт», «Жывы Ружанец» і «Клуб каталіцкай інтэлігенцыі», якія падзяліліся сваімі харызматычнымі ініцыятывамі, распавялі пра цяжкасці і сваё жаданне далейшага развіцця. Біскуп Аляксандр Яшэўскі звярнуўся да парафіяльных супольнасцяў са словамі падзякі і заахвочвання да далейшага плённага служэння, а таксама адказаў на пытанні вернікаў і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне на добрыя ініцыятывы.
Адбылася і сустрэча з дзецьмі парафіі, якія ўдзельнічаюць у занятках па рэлігіі, і іх бацькамі. Са словамі, напоўненымі бацькоўскім клопатам, біскуп заклікаў дзяцей адказна падыходзіць да наведвання катэхезы, а бацькоў заахвоціў даваць добры прыклад хрысціянскага жыцця сваім дзецям і клапаціцца пра іх духоўнае развіццё. Як сапраўдны салезіянін, біскуп Аляксандр Яшэўскі не забыўся і пра моладзь. На сустрэчы ў катэхетычным класе, што месціцца ў вежы катэдры, іерарх спытаў у моладзі пра яе радасці і клопаты, пра адвагу сведчыць аб сваёй веры сябрам і сяброўкам, адказаў на шматлікія і хвалюючыя пытанні. Сустрэча была настолькі цікавай, што ўсе забыліся пра час і ледзь не спазніліся на вечаровую святую Імшу ў 18.30, якая закрывала кананічную візітацыю. Цягам усіх гэтых дзён біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёну быў адкрыты на размову і сустрэчу з кожным жадаючым. Вернікі катэдральнай парафіі, святары і манахіні, якія выконваюць у ёй пастырскае служэнне, напрыканцы візітацыі, выказваючы падзяку іерарху, падкрэслілі, што пачутыя словы, прапановы і просьбы падчас трохдзённых сустрэч будуць дапамагаць парафіі ў развіцці і шчырым хрысціянскім імкненні да ўдасканальвання. Біскуп у сваю чаргу падзякаваў душпастырам і манахіням за добрую падрыхтоўку візітацыі, а вернікам — за добразычлівасць і шчырасць, папрасіў аб дапамозе ў сваім біскупскім служэнні на магілёўскай зямлі не толькі малітвай, а і дзейсным сведчаннем на кожны дзень жыцця паводле Евангелля. |
Фотарэпартаж |