З малітвай у гісторыю: адбылася аўтобусная пілігрымка «Мінск – Гудагай – Гервяты» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
29.02.2016 13:12 |
Турыстычны цэнтр мінскага касцёла свв. Сымона і Алены «Пілігрым» пачаў серыю пілігрымак па санктуарыях і касцёлах Беларусі. Адной з першых у гэтым цыкле была зімовая пілігрымка Гудагай-Гервяты. Такога роду пілігрымка аказалася вельмі папулярнай, бо сабрала два поўныя аўтобусы пілігрымаў розных узростаў. Удзельнікаў чакала знаёмства з чатырма касцёламі і іх цікавай шматвекавой гісторыяй. У Гудагаі пілігрымы прайшлі праз Брамы Міласэрнасці санктуарыя, памаліліся ў сваіх інтэнцыях перад цудатворным абразом Маці Божай Гудагайскай і змаглі атрымаць поўны адпуст. Святую Імшу для пілігрымаў у гудагайскім касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі цэлебраваў мясцовы пробашч а. Казімір Мараўскі OCD. Святар яшчэ раз нагадаў удзельнікам пілігрымкі, што самае галоўнае ў жыцці хрысціяніна – гэта міласэрнасць у адносінах да іншых людзей. «Не дастаткова толькі прайсці праз Брамы Міласэрнасці — быццам “пракампасціраваць білет”, і ўсе нашыя грахі будуць адпушчаны. Сапраўднай Брамаю з’яўляецца Езус Хрыстус. Ён сам пра сябе сказаў: “Я — Брама. Хто праз Мяне ўвойдзе, знойдзе пашу"», — заўважыў святар. Пасля святой Імшы а. Казімір Мараўскі пазнаёміў пілігрымаў з гісторыяй мястэчка Гудагай і самога касцёла. У 1764 годзе, як распавёў святар, у Гудагаі быў пабудаваны драўляны касцёл на сродкі шляхцічаў з роду Война. Тады ж у мястэчка былі запрошаны кармэліты. Зараз у касцёле знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Гудагайскай, які з’явіўся тут, па афіцыйных звестках, у XVI – пач. XVII стст. Паводле слоў пробашча парафіі, праз заступніцтва Маці Божай Гудагайскай адбываюцца сапраўдныя цуды аздараўлення людзей, пасля малітваў перад цудатворным абразом нават бясплодныя жанчыны пачынаюць нараджаць дзяцей. Святар заахвоціў і пілігрымаў пакідаць у касцёле запіскі са сваімі просьбамі і падзякамі. Кожную суботу мясцовыя парафіяне разам са святарамі моляцца ва ўсіх інтэнцыях, запісаных і складзеных пілігрымамі. Наступным пунктам пілігрымкі быў касцёл свв. Космы і Дам’яна ў Астраўцы, выкананы ў стылі класіцызму. Святыня пабудавана ў 1785-1787 гг. на месцы драўлянага касцёла і кляштара дамініканаў. Інтэр’ер касцёла ўпрыгожваюць незвычайныя абразы XVIII – XIX стст. Пасля астравецкага касцёла пілігрымы наведалі касцёл святога Казіміра ў Варнянах, дзе іх прывітаў пробашч парафіі кс. Павел Звяжынскі, які таксама пазнаёміў мінскіх гасцей з гісторыяй гэтай незвычайнай святыні. Велічныя вежы і масіўныя тоўстыя сцены касцёла захавалі атмасферу барока, дапоўненую інтэр’ерам. Касцёл святога Георгія ў Варнянах пабудаваны ў 1860 годзе і асвечаны біскупам Віленскім Зянковічам. Тут жыў знакаміты шляхецкі род Абрамовічаў, з якога пайшлі шматлікія палітычныя і культурныя дзеячы Літвы, Польшчы і Беларусі. У XX стагоддзі касцёл, як і многія каталіцкія святыні, не дзейнічаў. І толькі ў 1990-м годзе ён быў абноўлены і рэканструяваны. Апошнім прыпынкам пілігрымкі стаў касцёл Святой Тройцы ў Гервятах. Паводле афіцыйных даных, гэты касцёл прызнаны самай высокай каталіцкай святыняй Беларусі. Вышыня званіцы складае 61 метр. Сённяшняя святыня пабудавана на мяжы XIX-XX стагоддзя згодна з усімі канонамі гатычнага стылю. Калі ўваходзіш у касцёл, здаецца, што трапляеш у сярэднявечча. Аднак гісторыя святыні пачалася ў 1536 годзе, калі тут быў заснаваны драўляны касцёл Cвятой Тройцы, а праз некалькі стагоддзяў, у 1899-1903 гадах, на сродкі князя Альшэўскага на гэтым жа месцы быў узведзены каменны касцёл. Паводле звестак летапісаў, спецыяльна для пабудовы ў вёсцы быў створаны цагляны завод, дзе выраблялася цэгла высокай якасці.
У гервяцкім касцёле пілігрымы мелі магчымасць не толькі памаліцца, але і паслухаць міні-канцэрт арганнай музыкі, які зладзіў мясцовы арганіст. Натхнёныя ўбачаным, з новымі духоўнымі сіламі мінскія пілігрымы вярталіся ў сталіцу, каб рыхтавацца да наступных пілігрымак па родным краі. Марына Валасар, фота аўтара |
Фотарэпартаж |