Велікапосныя разважанні ў арганнай музыцы прайшлі ў магілёўскай катэдры |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
03.03.2016 11:53 |
2 сакавіка ў магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава прайшлі «Разважанні на Вялікі пост у арганнай музыцы». Прыгожая падзея стала магчымай дзякуючы біскупу вікарыю Магілёўскага рэгіёна Аляксандру Яшэўскаму SDB і па ініцыятыве магіляўчанкі Ганны Хамені, выпускніцы Санкт-Пецярбургскай музычнай кансерваторыі, якая зараз праходзіць стажыроўку ў Парыжы па класе аргана і клавесіна. Пад скляпеннямі магілёўскай святыні ў выкананні Ганны Хамені прагучалі такаты і харалы Баха, Фрэскабальдзі, Шыльта, Бёрла. Велічная музыка з уласцівымі ёй развагамі аб спрадвечным захапіла і аб’яднала слухачоў розных узростаў і веравызнанняў. Гэтую ініцыятыву можна лічыць і першым крокам да здзяйснення мары магіляўчан па вяртанні ў касцёл сапраўднага духавога аргана. Гістарычны інструмент з унікальнымі керамічнымі трубамі, якіх у свеце налічвалася толькі чатыры (акрамя магілёўскага яшчэ ў Рыме, Варшаве і Мехіка) быў незваротна знішчаны ў 1956 годзе. Арганістка выказала ідэю стварэння фонда па адбудове страчанага аргана. Біскуп, завяршаючы «Разважанні на Вялікі пост у арганнай музыцы», падзякаваў Ганне Хамені за прыгожы вечар і магчымасць праз музыку, якая «гучала ў доме Божым, задумацца аб Богу і тых каштоўнасцях, якія не прамінаюць ніколі». Таксама іерарх выказаў надзею, што «мара вернікаў і ўсіх магіляўчан вярнуць былую славу катэдральнаму касцёлу, які калісьці меў унікальны арган, можа стаць рэчаіснасцю». Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падзякаваў усім за прысутнасць і выказаў спадзяванне, што такія вечары арганнай музыкі стануць добрай традыцыяй у магілёўскай катэдры.
|
Фотарэпартаж |