У цэнтры Мінска адкрытай на працягу дня стала яшчэ адна святыня |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
04.03.2016 11:48 |
Як часамі бывае важна і патрэбна, маючы вольную хвіліну, сярод вучэбных, працоўных абавязкаў, затрымацца на хвіліну ў малітве. Раніцай, падчас абеду, у гадзіну Божай Міласэрнасці або пад вечар спыніцца ў цішыні святыні, застацца сам-насам з сабою і з Богам… У Мінску наведаць святыню на працягу дня можна ў розных частках горада. З апошняга дня зімы, напрыклад, стаў адкрыты на працягу дня касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы, які адчыняецца перад святой Імшой у 8.00 і зачыняецца каля 20.00.
Найбольш рана адчыняецца касцёл свв. Сымона і Алены — у 6.30, потым — перад Імшой на 7.15 — архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэтыя святыні таксама можна наведваць да 20.00. У капліцу парафіі Св. Яна Хрысціцеля (Серабранка) можна патрапіць таксама прыкладна перад святой Імшой, якая пачынаецца ў 8.00, і на працягу ўсяго дня да 21.00. Таксама ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы капліца адчынена з 12.00 да заканчэння Імшы, якая пачынаецца ў 19.00. У касцёл Узвышэння Святога Крыжа (Кальварыя) можна зайсці з 9.00 да 18.00. Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту У двух касцёлах Мінска на працягу дня можна маліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам: у касцёле свв. Сымона і Алены з 6.30 да 20.00, у парафіі Маці Божай Ружанцовай з 15.00 да 19.00. На працягу Юбілейнага года ў архікатэдры Найсвяцейшай Панны Марыі Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту праходзіць штодзённа з 17.30 да 18.30, а таксама па традыцыі кожны панядзелак Адарацыю, якая распачынаецца пасля Імшы на 18.30, праводзіць моладзь. Кожная малітва — сустрэча чалавека з Богам. Ёсць розныя прычыны, калі чалавек мае патрэбу зайсці ў святыню, якая можа схаваць яго ў сваёй цішыні і прыгажосці. А пасля — выйсці на вуліцу з новымі думкамі, з прынятым рашэннем, з суцішаным сэрцам. І час Вялікага посту — яшчэ адна нагода, каб часцей адчыняць дзверы святыняў. фота з roch.by,
Аксана Ючкавіч |