У выдавецтве «Pro Christo» выйшла кніга «Рэкалекцыі са святым Яўгенам дэ Мазэно» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
04.03.2016 14:54 |
З нагоды 200-годдзя супольнасці Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Панны Марыі (ОМІ) у выдавецтве «Pro Christo» выйшла кніга а. Казіміра Любавіцкага ОМІ «Рэкалекцыі са святым Яўгенам дэ Мазэно» (у перакладзе з польскай мовы Юліі Шэдзько). Святы Яўген дэ Мазэно (1782–1861) — заснавальнік кангрэгацыі, місіянер, біскуп, адзін з найбольш значных дзеячаў у гісторыі Францыі ХІХ стагоддзя. Айцец Ежы Катоўскі ОМІ, суперыёр, у прадмове да кнігі адзначыў: «Цяжкасці выклікаў не толькі перыяд усеагульнага хаосу, у які выпала жыць святому Яўгену, але і складаны характар гэтага юнака. Гэтую цікавую асобу перапаўнялі пачуцці, імпульсіўнасць, залішняя амбіцыйнасць… Яго раніла не толькі выгнанне і распад сям’і, але і наступствы гэтага: аддаленасць ад бацькоў, пачуццё адзіноты і страчанага жыцця, якое хутка мінае». Аўтар прадмовы асаблівым чынам падкрэслівае, што святы Яўген перажываў тыя ж цяжкасці, якія даводзіцца перажываць многім нашым сучаснікам: крызіс, поўная адсутнасць сэнсу існавання, безвыходнасць. «Але ва ўсім гэтым ён здолеў знайсці Бога, уважліва асэнсоўваючы сваё жыццё і засяроджана працуючы над сваімі слабасцямі», — адзначае а. Ежы Катоўскі OMI у прадмове да кнігі. Як яму гэта ўдалося? Што дапамагала яму на гэтым шляху? Пра гэта распавядаецца ў пятнаццаці раздзелах кнігі «Рэкалекцыі са святым Яўгенам дэ Мазэно». Кожны з раздзелаў разлічаны на адзін дзень духоўных практыкаванняў. Аўтар выкарыстаў вельмі цікавую форму падачы рэкалекцыйнага матэрыялу: праз апісанне асобных перыядаў жыцця святога Яўгена ўздымае найважнейшыя духоўныя праблемы і прапануе паразважаць над імі ў святле выказванняў самога Яўгена дэ Мазэно і многіх іншых людзей, якія спрыялі фармаванню яго святасці. Святы Яўген дэ Мазэно Пра характар узнятых праблемаў гавораць ужо назвы раздзелаў: «Асабіста сустрэцца з укрыжаваным», «Верыць у моц любові», «Кіраваць сэрцам», «Быць Марыяй у сучасным свеце» і інш. У кнігу ўключаны «Дадатак», які складаецца з выбраных малітваў Яўгена дэ Мазэно. Гэта перш за ўсё малітвы аб прабачэнні, праслаўленні Бога, малітвы падзякі і просьбы, якімі святы звяртаўся да Нябеснага Айца пасля свайго навяртання. Нагадаем, што Аблаты Беззаганнай Марыі — гэта кангрэгацыя місійная. Іх галоўная харызма — паказаць Хрыста і Яго Валадарства найбольш пакінутым, несці Добрую Навіну народам, якія яе яшчэ не прынялі. Апякунка кангрэгацыі — Беззаганная Марыя, якая з’яўляецца прыкладам адданасці і пакоры ў служэнні Богу і людзям. Зыходзячы з гэтага, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што з дапамогай гэтае кнігі, выдадзенай дзякуючы намаганням айцоў аблатаў, чытач не толькі сам наблізіцца да Бога, але і спасцігне некаторыя важныя шляхі «місіянерства» сярод сваіх родных, блізкіх і знаёмых. Ганна Шаўчэнка, ave-maria.by (MV) |