У межах падрыхтоўкі да 100-гадовага юбілею аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, а таксама з нагоды Года Божай Міласэрнасці 5 сакавіка, у першую суботу месяца, у час Вялікага посту адбылася чарговая аўтобусная пілігрымка з Мінска ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай.
Падобныя пілігрымкі з Мінска арганізоўваліся ўжо раней парафіяй Свв. Сымона і Алены, пачынаючы ад першай суботы снежня 2015 года. Таму зараз гэта была ўжо 4-я вандроўка да Маці Божай, якая чакае кожнага ў Будслаўскім санктуарыі, дзе адчынены Брамы Божай Міласэрнасці.
Нягледзячы на тое, што 5 сакавіка быў працоўны дзень, у пілігрымку вырушылі каля 100 вернікаў – два поўныя аўтобусы пілігрымаў з розных парафій Мінска і не толькі накіраваліся ў Будслаў. Вернікі ехалі прасіць апекі, заступніцтва і падтрымкі Найсвяцейшай Панны Марыі ў вырашэнні розных жыццёвых праблем, а таксама падзякаваць духоўнай Маці за дары і ласкі, якія Яна шчодра і нястомна выпрошвае для сваіх духоўных дзяцей.
Пілігрымка пачалася супольнай малітвай і святарскім благаслаўленнем у аўтобусе.
Потым вернікі спявалі Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, супольна маліліся на ружанцы ў інтэнцыі трыумфу Беззаганнага Сэрца Марыі, спявалі духоўныя велікапосныя песні і чыталі вершы з заклікам да пакаяння і навяртання, а таксама Евангелле паводле Лукі, якое прадстаўляе аповед пра мытніка і фарысея, што зайшлі ў святыню памаліцца.
Потым кожны пілігрым у аўтобусе меў магчымасць паразважаць над словамі Евангелля, ў сваім сэрцы задаць сабе пытанне: як я малюся? Як фарысей, параўноўваючы сябе з іншымі і ўзвышаючы сябе, хвалячы сябе за тое, што я лепшы за іншых людзей, альбо мая малітва падобная да малітвы мытніка, які, «стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка»?
А 12-й гадзіне ў Будслаўскім санктуарыі пачалася святая Імша, і кожны пілігрым мог прадставіць Богу сваю інтэнцыю – просьбу ці падзяку.
Перад Імшой і яшчэ падчас яе вернікі мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання, каб з чыстым сэрцам прыняць святую Эўхарыстыю.
Адразу пасля заканчэння Імшы пачалася малітва Фацімскага Ружанца як перапрашэнне за пяць відаў зняваг, учыненых Беззаганнаму Сэрцу Марыі: за абразу Беззаганнага Зачацця, абразу Яе Дзявоцтва, абразу Яе Божага Мацярынства, за ўсе знявагі, якімі імкнуцца адкрыта пасеяць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду і нават нянавісць да Беззаганнай Маці, і за ўсе блюзнерствы, якімі зневажаюць Маці Божую ў Яе святых выявах.
Потым быў час для кароткага адпачынку, калі вернікі змаглі падсілкавацца, сагрэцца на плябаніі кубкам гарбаты ці кавы.
А 15-й гадзіне, у час Божай Міласэрнасці – час асаблівай Божай ласкі – у святыні пачалася супольная малітва. Праз Вяночак да Божай Міласэрнасці пілігрымы выпрошвалі Божую міласэрнасць для сябе і ўсяго свету, верачы, што сам Бог звяртаецца да людзей словамі «Міласэрнасці хачу, а не ахвяры», а Божая міласэрнасць – вялікі скарб, які варта здабыць і не затрымліваць толькі для сябе, а ахвотна і бескарысліва дзяліцца міласэрнасцю і любоўю з бліжнімі.
Пасля пілігрымы прайшлі ў святыні Крыжовым шляхам па слядах Хрыста, які перамог спакусы, знявагі, крыўды, няўдзячнасць, перамог смерць моцаю сваёй крыжовай ахвяры і праз сваё хвалебнае ўваскрасенне адкрыў людзям Брамы Божай Міласэрнасці.
Удзельнікі пілігрымкі перакананыя ў тым, Бог не патрабуе ад чалавека вялікай ахвяры, а заклікае быць міласэрнымі; ахвяра для Бога – пакорны дух, а цноце пакоры можна вучыцца ў Божай Маці. Таму вернікі звярталі да Яе такія словы:
Мацi Будслаўская – Маці Святая, Ты – Апякунка нашага краю. Божая Маці – Марыя Святая, Цябе мы з падзякаю сёння вітаем!
Ў Будслаў з вялікай надзеяй імкнёмся, На літасць Бога мы спадзяёмся. І просім пакорна Цябе, наша Маці, — Дазволь нам, верным, праўду спазнаці!
Мацi Будслаўская – Маці Святая, Прагнем аддаць Табе ўсё, што мы маем, Малітва з верай – ахвяра жывая, — Суцеш нас у смутку! – Цябе заклікаем.
Маці Хрыстова, Табе давяраем, Трываць у апецы Тваёй мы жадаем І шчыра ўсклікаем мы: “Родны наш край Ад моцы шатана Ты абараняй!”
Пілігрымкі ў Будслаўскі санктуарый адбываюцца кожную першую суботу месяца. Ад’езд аўтобусаў звычайна ў 9.00 ад мінскага касцёла свв. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл).
Запісацца ў наступную пілігрымку, якая адбудзецца 2 красавіка, можна ўжо зараз у сакрыстыі касцёла свв. Сымона і Алены або па тэлефонах:
(+375 29) 246 62 97, (+375 25) 618 17 50 Уладзімір Вайцяховіч
(+375 33) 337 44 95 Ірына Жук
Анастасія-Алена Блусянкова, фота аўтара
|