Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Не бойцеся Міласэрнасці: чуванне моладзі прайшло ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.03.2016 15:08

Малітоўная сустрэча моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшла ў ноч з 5 на 6 сакавіка ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Тэмай сёлетняга велікапоснага чування быў выбраны ўрывак з Бібліі «Міласэрнасці хачу, а не ахвяры» (Мц 9, 13).

Каля 500 удзельнікаў з усёй архідыяцэзіі разважалі на тэму міласэрнасці з розных яе ракурсаў.

 

Перад святой Імшой а. Юрый Катоўскі OMI прэзентаваў моладзі кнігу «Рэкалекцыі са св. Яўгенам дэ Мазэно», якую нядаўна выпусціла выдавецтва «Pro Christo», а Вольга Севярынец распавяла пра акцыю «Няспынная малітва за Беларусь».

Распачалося ж чуванне святой Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Іерарх асаблівую ўвагу звярнуў на значэнне сакрамэнту пакаяння як праявы міласэрнасці Бога.


«Людзям сапраўды бывае складна вярнуцца да Бога. Менавіта таму мы асаблівым чынам сустракаемся з Божай Міласэрнасцю ў сакрамэнце пакаяння. Але не трэба адкладваць сустрэчы з Богам, не трэба Яго баяцца. Бо часам здараецца, што чым большы мы здзяйсняем грэх, тым складаней нам прыйсці да споведзі. Д’ябал пачынае падкідваць розныя сумнівы і страхі. Але гэта вялікая небяспека і памылка. Езус кліча: “Ідзі сюды, зрабі гэты крок. Я цябе чакаю”. І гэта галоўнае, што мы павінны ўсвядоміць. Ён заўсёды нас чакае, гатовы нам прабачыць і прыняць нас назад, як бацька прымае свайго сына», – падкрэсліў у гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі.


Падчас святой Імшы моладзь прынесла да алтара свае дары: хусцінку з лагатыпам Года Божай Міласэрнасці, святарскую стулу, хустку Веранікі, сімвалічныя “сляды” дзяцей з добрымі ўчынкамі, а таксама віно і ваду – сімвалы Эўхарыстыі.

На заканчэнне святой Імшы іерарх пажадаў маладым католікам, каб яны былі сапраўдным «Божым фундаментам Міласэрнасці», а таксама каб не баяліся знаёміцца падчас гэтага чування адзін з адным і набываць новых сяброў.

Словы біскупа моладзь падхапіла, і ўжо ў перапынках паміж пунктамі праграмы, а таксама падчас кава-паўзы, быў чутны гоман і вясёлыя размовы.

Глыбей адчуць Божую міласэрнасць у гэты вечар дапамагала моладзі не толькі малітва, але і творчасць. Дзве арыгінальныя сцэнкі, якія паказалі маладыя католікі з Нарачы і Мінска, распавядалі пра розныя выпадкі праяўлення міласэрнасці Бога да чалавека.

Нарачанская моладзь спынілася на біблійнай тэматыцы і ў новай, арыгінальнай форме перадала ўрыўкі з Евангелля пра паралізаванага чалавека, Марыю Магдалену і Юду Іскарыёта, які не паверыў у тое, што Бог можа яму прабачыць.


А маладыя акцёры з мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля здолелі перадаць унутраны стан сучаснага грэшніка, які ўжо не верыць у вялікую моц і сілу ўкрыжаванага Езуса. Гэты грэшнік гатовы нават «ссячы крыж» у сваім сэрцы, каб поўнасцю заглушыць голас сумлення і аддаліцца ад Бога.


Але Божая міласэрнасць, якая прамаўляе словамі ўкрыжаванага Хрыста «Я люблю цябе», творыць цуд. Грэшнік вяртаецца з пакаяннем. Такі сэнс перадавала тэатральная пастаноўка мінскай моладзі.

Тэатральную частку чування дапоўніў інсцэніраваны Крыжовы шлях, які падрыхтавала моладзь парафіі Божага Цела з Нясвіжа. Удзельнікі чування змаглі «прайсці» Крыжовы шлях і на кожнай стацыі пазнаёміцца з рознымі біблійнымі героямі, якія сустракаліся Езусу па дарозе на Галготу.


Тэматычную канферэнцыю падчас сёлетняга чування праводзіў кс. Раман Суша. Святар заўважыў падчас канферэнцыі, наколькі важна стаць перад Богам такім, які ты ёсць, адкідваючы ўласную пыху.

«Фарысей – гэта той чалавек, які засяроджваецца на сабе і не патрабуе Божай дапамогі, але спрабуе зрабіць усё сваімі сіламі. Ён глядзіць на сваю святасць толькі праз уласную прызму. Мытнік жа ведае, што няшмат можа ахвяраваць Богу, – толькі свой грэх, і просіць толькі аб міласэрнасці. Наша дарога ў Вялікім посце – гэта дарога ад фарысея да мытніка… Ужо столькі разоў мы казалі сабе, што ў нас атрымаецца, давяралі сабе, а можа, якраз прыйшоў час сказаць: “Езу, давяраю Табе”», – прапанаваў задумацца кс. Раман Суша.

Вучыцца давяраць Езусу або паглыбляць гэты давер моладзі дапамагалі таксама адарацыя, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Песні жальбы і Ружанец, праведзеныя моладдзю з розных мінскіх парафій.

А пастырскім благаслаўленнем кс. Андрэя Калядкі, вядучага малітоўнай сустрэчы, сёлетняе велікапоснае чуванне завяршылася.

Напрыканцы сустрэчы некаторыя ўдзельнікі падзяліліся тым, як у іх жыцці ўжо праяўляецца Божая міласэрнасць.

«У маім жыцці Божая міласэрнасць праяўляецца на кожным кроку. Напрыклад, праз сустрэчы і знаёмствы з рознымі людзьмі я асабіста выношу для сябе штосьці новае, дзесьці вучуся змяняць сябе ў добрым накірунку», – распавяла студэнтка Віялета Парчынская.

А для Яніны з Мінска міласэрнасць Бога – гэта Яго бязмежнае прабачэнне.

«Які б грэх я ні ўчыніла, заўсёды ведаю, што магу прыйсці да майго міласэрнага Айца. І для Яго няма граху, які б Ён мне не прабачыў. Ён заўсёды мяне падымае і дае яшчэ большую ласку, чым я мела дагэтуль», – засведчыла дзяўчына.


Удзельнік чування Валерый Вінча дзякуючы Божай міласэрнасці стаў па-новаму глядзець на сваё жыццё.

«Часта я прасіў Бога аб нейкіх дабротах, і толькі з часам зразумеў, што на самой справе яны мне не патрэбныя. Усё тое, што мне патрэбна ў жыцці, у мяне ўжо ёсць. І ў гэтым праяўляецца Божая міласэрнасць», – распавёў Валерый.

Марына Валасар, 

Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.