Эксперты: Фасад касцёла Божага Цела ў Нясвіжы 100 гадоў таму ўпрыгожвалі фрэскавыя роспісы |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
07.03.2016 09:46 |
Як высветлілася ў ходзе рэстаўрацыйных работ, якія праводзяцца на аб’екце сусветнай спадчыны — нясвіжскім касцёле Божага Цела, знакаміты помнік архітэктуры часу барока ўпрыгожвалі маштабныя фрэскавыя роспісы, якімі была пакрыта амаль уся паверхня фасадаў. Гэтае адкрыццё адбылося дзякуючы зандажам (у даным выпадку — абмежаванае па плошчы ўскрыццё знешняга слою — рэд.) штукатурнага пласта, якія былі зробленыя рэстаўратарамі ЗАТ «Белрэстаўрацыя». На сёння зроблена больш за сто зандажоў, і іх колькасць будзе павялічана. Пад пластом штукатуркі былі знойдзены шматлікія выявы — геральдычныя, сакральныя, магчыма, нават сюжэтныя роспісы. Апрача гэтага, у адным з зандажоў рэстаўратары адкрылі манаграму (адкрытая плошча дае падставы меркаваць, што ў манаграме прысутнічаюць літары XR), яшчэ ў адным — ерузалемскі крыж. Папярэдні візуальны аналіз дазваляе выказаць здагадку, што роспісы былі выкананы не пазней за XVIII стагоддзе — часы князя Міхала Казіміра Радзівіла «Рыбанькі» і мастака Ксаверыя Гескага — аўтара знакамітай карціны «Тайная вячэра» ў інтэр’ерах касцёла Божага Цела. Гэтая знаходка з’яўляецца ўнікальнай і надзвычай важнай для нашай краіны — у першую чаргу дзякуючы рэдкасці такой з’явы, як фасадны роспіс для падобных аб’ектаў. Больш за тое, паколькі нясвіжскі касцёл Божага Цела з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «0» (найвышэйшая катэгорыя ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь) і складнікам аб’екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА «Архітэктурны, культурны і жылы комплекс рода Радзівілаў у Нясвіжы», такое адкрыццё невымерна павышае значнасць гэтага помніка не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце. Як вядома, аб’екты Сусветнай спадчыны валодаюць універсальнай значнасцю, якая робіць іх здабыткам не толькі канкрэтнага народа і краіны, але і ўсяго чалавецтва. Вядома, што для захавання ўнікальнага роспісу, які быў знойдзены дзякуючы намаганням рэстаўратараў, неабходна будзе ўнесці змены ў існуючы праект рэстаўрацыі, перанесці тэрміны здачы аб’екта і выдаткаваць на гэта асобнае фінансаванне. Рэстаўратары спадзяюцца, што атрыманы вынік значна пераўзыйдзе ўсе чаканні. |
Фотарэпартаж |