Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чуванне моладзі і адарацыя «24 гадзіны для Пана» прайшлі ў магілёўскай катэдры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.03.2016 12:34

З 5 на 6 сакавіка ў магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава адбылося велікапоснае чуванне моладзі і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту «24 гадзіны для Пана», прапанаваная Папам Францішкам у Надзвычайны Год Божай Міласэрнасці.

Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту пачалася раніцай пасля святой Імшы а 9-й гадзіне ў бакавой капліцы Маці Божай Бялыніцкай, якая найбольш спрыяе для цішыні і засяроджання перад Панам. Выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту здзейсніў кс. Чэслаў Паўлюкевіч з Росі (Гродзенская дыяцэзія), які ў гэты час праводзіў велікапосныя рэкалекцыі ў катэдральнай парафіі.

Першую гадзіну Езуса Хрыста адаравалі біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB і прадстаўнікі «Легіёну Марыі» з магілёўскай катэдры. Адарацыя не спынялася ўсе 24 гадзіны. Розныя рухі і супольнасці, а таксама душпастыры і вернікі ўсіх парафій з Магілёва, Бабруйска, Шклова, Княжыц і Хвашчаўкі ў выбраны імі час адарацыі праслаўлялі Пана спевам, малітвай, разважаннямі і цішынёй.

А 12-й гадзіне пачалося чуванне моладзі на тэму слоў Святога Пісання «Міласэрнасці хачу, а не ахвяры» (Мц 9, 13). Нягледзячы на тое, што 5 сакавіка быў працоўным днём і вучэбным для студэнтаў, група моладзі Магілёўскага рэгіёну таксама далучылася праз чуванне да праслаўлення Езуса.

Чуванне пачалося святой Імшой, якую цэлебраваў біскуп Аляксандр Яшэўскі. Вітаючы ўсіх, іерарх нагадаў, што «ініцыятыва адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту як 24 гадзіны для Пана належыць Папу Францішку, які жадае, каб праз гэтае набажэнства мы маглі ў Вялікі пост больш наблізіцца да Бога і нанова адкрыць крыніцу Божай міласэрнасці, якой ёсць Эўхарыстычны Хрыстус».

Біскуп падзякаваў за прыбыццё моладзі Магілёўшчыны і запрасіў «маліць Пана жніва, каб паслаў працаўнікоў на сваё магілёўскае жніво, бо, як заўважаем, яно ў нас вялікае, патрабуе адданасці, вялікай руплівасці і ахвяры, а працаўнікоў мала».

«Папросім Езуса адарыць нашу зямлю новымі і святымі пакліканнямі да святарскага і манаскага жыцця», – дадаў іерарх. Менавіта за моладзь Магілёўшчыны, святароў, кансэкраваных асобаў і за новыя пакліканні біскуп вікарый ахвяраваў гэтую Эўхарыстыю.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што час Вялікага посту – гэта час перамен і сапраўднага аднаўлення.

«Сённяшняя адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і моладзевае чуванне дапамагаюць нам здзейсніць сваю мэтаною – грэчаскае слова, якое азначае перамену розуму, пераасэнсаванне, жаль і пакаянне, – сказаў біскуп. – Гісторыя чалавецтва сведчыць неаднойчы аб тым, як міласэрны Бог, пасылаючы розныя знакі і сваіх прарокаў, нястомна шукаў нас і чыніў усё магчымае, каб прыводзіць людзей да сапраўднай мэтаноі, да перамены розуму, да пераасэнсавання, да жалю, да пакаяння і да сапраўднай любові».

Перагортваючы ў сваёй гаміліі старонкі Святога Пісання, біскуп нагадаў прысутным аб учынках міласэрнасці Бога, якая «мае канкрэтнае пацвярджэнне ў шматлікіх падзеях гісторыі збаўлення, дзе дабрыня Бога пераважае над пакараннем і знішчэннем свайго стварэння», і заклікаў вучыцца і сапраўды быць «міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны».

Таксама іерарх запрасіў усіх адказаць у цішыні адарацыі на пытанне: «кім для вас быў Езус і кім Ён з’яўляецца для вас цяпер?»

На працягу ўсяго чування і адарацыі адчуць міласэрнасць Пана дапамагалі разважанні з песнямі, якія правяла с. Наталля ОР разам з моладдзю бабруйскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Старэйшыя парафіяне з Бабруйска правялі Вяночак да Божай Міласэрнасці, а пастаноўка, якую прадставіла моладзь магілёўскай катэдры, нагадала пра тое, што трэба навучыцца быць чуйнымі да голасу Жывога Бога, які кліча ісці за Ім, і адказаць канкрэтным учынкам на гэты голас.

Моладзь парафіі Св. Антонія Падуанскага з Магілёва з дапамогай дзённіка святой Фаўстыны Кавальскай правяла малітву Ружанца, а кс. Чэслаў Паўлюкевіч праз разважанні Крыжовага шляху дапамог прысутным зазірнуць у вочы церпячага Езуса і яшчэ больш ацаніць міласэрнасць і любоў Бога, якая праявілася на крыжы.

Асабістая сустрэча моладзі з Божай міласэрнасцю ў юбілейнай святыні Магілёўшчыны стала яшчэ адным штуршком, каб кожны дзень жыцця дзяліцца міласэрнасцю, асабліва з тымі, хто мае ў ёй патрэбу, а таксама мець адвагу напаўняць свет і нашу краіну міласэрнасцю Айца, якая найбольш праявілася ў Езусе Хрысце.

Кацярына Барысенка, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.