Біскуп Юрый Касабуцкі наведаў з душпастырскай візітацыяй парафій Уручча |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
07.03.2016 16:09 |
Чарговым пунктам праграмы візітацыі дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага сталі парафіі Св. Францішка Асізскага і cв. Андрэя і Багдана Леапольда Мандзіча ў Мінску. Яе вернікаў і святароў біскуп наведаў 6 сакавіка. Пакуль ва Уруччы вядуцца працы па будаўніцтве святыні, краевугольны камень якой быў асвечаны ўвосень 2015 года, вернікі на чале з душпастырамі — братамі капуцынамі — збіраюцца на набажэнствы ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы, а таксама з айцамі палатынцамі, якія апякуюцца другой уручскай парафіяй. Звяртаючыся да парафіян, якія збіраюцца на нядзельнай Эўхарыстыі ў 17.00, біскуп параіў, каб вернікі і першай, і другой парафіі трымаліся разам, ствараючы дружнае суседскае адзінства ў Хрысце.
Душпастырскія візітацыі служаць для таго, каб біскуп бліжэй мог пазнаёміцца з духоўным жыццём і працай, якая вядзецца ў парафіі, быць бліжэй да вернікаў і дапамагаць у вырашэнні спрэчных пытанняў і праблем, якія могуць узнікаць. Аксана Ючкавіч, фота Ірыны Пушкарэвіч |